На волю выйшаў чарговы чыноўнік, затрыманы за карупцыю
На волю выйшаў былы кіраўнік Ленінскага раёна сталіцы Валерый Кулеш, паведамляе tut.by. Чыноўніка затрымалі ўлетку 2016 года, і пазней ён напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі.
Паводле інфармацыі tut.by, Кулеш знаходзіцца на волі ўжо два-тры месяцы, але ні з кім не кантактуе.
Валерый Кулеш быў затрыманы ў ліпені 2016 года. Яго падазравалі ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Па версіі праваахоўнікаў, чыноўнік займаўся карупцыяй пры размеркаванні, раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржмаёмасці. Таксама чыноўніка падазравалі, што ён даваў прэферэнцыі падкантрольным арганізацыям на правядзенне падрадных работ на тэрыторыі Ленінскага раёна.
Таксама, як казалі праваахоўнікі, работнікі прадпрыемстваў, якімі ён курыруе, бясплатна будавалі загарадны дом чыноўніка.
У кастрычніку 2017 года старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч казаў, што крымінальная справа перададзеная пракурору яшчэ ў траўні. Суд, як піша tut.by, так і не адбыўся: экс-чыноўнік звярнуўся з хадайніцтвам аб памілаванні на імя кіраўніка дзяржавы. Гэта значыць, што ён прызнаў сваю віну і кампенсаваў шкоду.
Фота minsknews.by