На волю выйшлі ўсе затрыманыя ў Докшыцах і Глыбокім



Праз 72 гадзіны на волю выйшлі ўсе затрыманыя ў Докшыцах і Глыбокім. Іх затрымалі міліцыянты ў чацвер 8 ліпеня пасля ператрусаў у дамах і кватэрах. Падставай для затрымання сталі заведзеныя крымінальныя справы па частцы 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні) за размаляваны прыпынак у Докшыцах і відэаролік у тэлеграм-канале “Глубокое для жизни”. Яго размясціў чалавек пад нікам “Zmagar BNR”.

Як вынікае з дакументаў, падазраванымі па справе Змітра Лупача і Аляксандра Шарабайку з Глыбокага зрабіў начальнік Глыбоцкага Следчага камітэта падпалкоўнік Сяргей Плікат, разгледзеўшы матэрыялы крымінальнай справы. Ім выдалі амаль аднолькавыя пастановы.

Кажа Зміцер Лупач:

–  Слова ў слова, толькі што там дадзеныя стаяць ягоныя, а тут – мае.

Я ведаю беларускую лацінку і як пісаць. І я ніколі не напішу Zmagar праз G, я напішу праз H. Можа, яны самі напісалі, я ж не ведаю. Я рэдка бываў у тым тэлеграм-канале  “Глубокое для жизни”, тым больш не глядзеў там ролікаў.  І ўсё ж я не экстрэміст, ніколі  не размяшчаў і не заклікаў там ні да чаго.

Нагадаем, пасля ператрусаў былі затрыманыя  ў Глыбокім трэнер па фітнесу Аляксандр Шарабайка і журналіст “Белсата” Зміцер Лупач, у Докшыцах — юрыст Юрый Мацяюн, настаўнік Арцём Стадольнік і бухгалтар Вераніка Судніковіч.

На фота: затрыманне Аляксандра Шарабайкі

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя