На вяскоўца склалі пратакол
Сцяпан Дубчук – уладальнік дапаможнай гаспадаркі з вёскі Малыя Прылукі Кобрынскага раёна быў запрошаны ў Кобрынскі РАУС для складання адміністрацыйнага пратакола. Яго абвінавачваюць у несанкцыянаваным пікеце 7 лістапада. Але вясковец адмовіўся ехаць. Міліцыянты паведамілі, што пратакол вышлюць па пошце.
Кажа Сцяпан Дубчук:
— Звоніць і кажа: прыязджай пісаць пратакол. Я сказаў, што нікуды не паеду, прыязджайце самі. У мяне машыны няма і дарог няма. Я ж не рабіў пікет ля Гарвыканкама, я пайшоў да помніка Леніну, арганізатару усіх нашых перамог. Гэта ён прыдумаў лозунг «Зямля — народу». Дык калі мы святкуем свята Леніна, трэба, каб і зямлю давалі сялянам.
Сцяпан Дубчук разам з аднавяскоўцам 7 лістапада пад час святкавання ўладамі 100-годдзя кастрычніцкай рэвалюцыі на гарадской плошчы таксама выйшаў на плошчу з плакатам, дзе было напісана: „Зямля – сялянам! Калі?”
Мужчын вымусіла выйсці на плошчу адмова мясцовых уладаў выдзеліць зямлю для фермерскіх работ. За зямлю Дубчук змагаецца не адзін год. А пакуль карыстаецца трыма гектарамі зямлі маці, на якой выгадаваў сад.
Беларускае Радыё Рацыя