На выбарах мясцовых назіральнікаў будзе болей, чым у 2010 годзе
На 20 ліпеня выбарчыя камісіі акрэдытавалі 42.856 нацыянальных назіральнікаў на прэзідэнцкіх выбарах, сведчаць абноўленыя звесткі на сайце Цэнтрвыбаркама.
На папярэдніх выбарах вышэйшай службовай асобы краіны ў 2015 годзе былі акрэдытаваныя 43.572 нацыянальныя назіральнікі, у 2010 годзе – 39.619.
За апошні тыдзень колькасць акрэдытаваных назіральнікаў павялічылася на 3.436.
Больш за ўсё нацыянальных назіральнікаў зарэгістравалі ўчастковыя выбаркамы – 41.876 (+3.398 за тыдзень). Раённыя камісіі акрэдытавалі 710 назіральнікаў (+29), раённыя камісіі ў гарадах – 185 (+4), абласныя – 41 (0), гарадскія (у гарадах абласнога падпарадкавання) – 24 (0), Менская гарадская выбарчая камісія – 12 (+4), Цэнтрвыбаркам – 8 (+1).
31.186 нацыянальных назіральнікаў, або 72,8%, прадстаўляюць грамадскія аб’яднанні (+2.470), у пераважнай большасці праўладныя. З іх прафесійнымі саюзамі, якія ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, вылучана 8.779 чалавек (+177), Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі – 6.019 (+353), РГА «Белая Русь» – 5.161 (+252), Беларускім грамадскім абʼяднаннем ветэранаў – 3.655 (+125), Беларускім саюзам жанчын – 3.705 (+232), Беларускім фондам міру – 1.632 (+131), Беларускім Хельсінкскім камітэтам – 52 (+4), грамадскім абʼяднаннем «БНФ »Адраджэньне« – 2 (+1). Іншыя грамадскія абʼяднанні прадстаўляюць 2.056 чалавек (+410).
Ад палітычных партый выбаркамамі акрэдытаваныя 2.073 нацыянальныя назіральнікі (+395), таксама ў асноўным праўладныя. У Камуністычнай партыі 1.018 прадстаўнікоў (+204), у Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці – 670 (+77), Ліберальна-дэмакратычнай партыі – 120 (+55), Беларускай аграрнай партыі – 107 (+59), Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды – 63 (0), Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі – 62 (0), Рэспубліканскай партыі – 21 (0), Беларускай патрыятычнай партыі – 8 (0), Партыі БНФ – 2 (0), Беларускай партыі »Зялёныя« і Абʼяднанай грамадзянскай партыі – па 1 (0).
7.347 грамадзян сталі назіральнікамі шляхам падачы адпаведнай заявы ад свайго імя (+1.047), 2.170 акрэдытаваныя ад працоўных калектываў (+230).
Выбары прэзідэнта прызначаныя на 9 жніўня.
Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека заявіла, што не будзе назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі з-за позняга запрашэння.