На выхадзе з ІЧУ актывіста спрабавалі скрасці невядомыя
Сябра Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі 15 сутак адміністрацыйнага арышту правёў у Гародні ў пастарунку на вуліцы Гая.
Міліцыянты ў цывільным спрабавалі вывезці яго патаемна, не даўшы сустрэцца з людзьмі, якія прыйшлі сустрэць актывіста. Кажа Сяргей Верамеенка:
– Я вельмі па ўсіх вас засумаваў. Інфармацыя пра затрыманні, якія праходзілі ў Беларусі, я ведаў, яна да мяне даходзіла. Калі я выходзіў на першы паверх, то ўбачыў незнаёмых асобаў, я зразумеў, што магчыма будуць выводзіць асобна. Выводзілі ў дворык асобны, мяне потым пасадзілі ў машыну, паабяцалі, што выпусцяць. Адзін з іх прадставіўся супрацоўнікам міліцыі, назваў сваё прозвішча, але неразборліва. Пасля гэтага пасадзілі і сказалі, што давязуць да галоўнага ўвахода.
Прысутныя былі вымушаны даганяць аўтамабіль у якім везлі Верамеенку. Жонка Вольга да апошняй хвіліны не верыла, што яго выпусцяць:
– Першыя дні больш-менш, але пасля падзеяў 25-26 нейкая паніка пачалася. Неяк так цяжка было, вельмі напружана, напэўна гледзячы навакол. Сяргея не было побач, таму не было каму суцешыць, супакоіць, таму апошнія дні было цяжка. Невядома што магло здарыцца, што яны яшчэ маглі прыдумаць. Учора мне вельмі доўга не давалі інфармацыю пра час вызвалення.
Сяргей Верамеенка збіраецца падаваць заяву ў пракуратуру і міліцыю пра спробу яго выкрадання і гвалтоўнага вывазу з пастарунку міліцыі на вуліцы Гая. Дзякуючы пільнасці сяброў міліцэйскую машыну ўдалося заблакаваць, пасля чаго асобы ў цывільным выпусцілі Сяргея.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня