На якой мове павінны агучвацца прыпынкі ў Воршы?



У Воршы працягваюцца дыскусіі пра агучванне прыпынкаў у грамадскім транспарце. Раней група грамадзян накіравала ў выканкам петыцыю з патрабаваннем вярнуць агучванне прыпынкаў у горадзе на роднай мове. Беларускую мову прыбралі з транспарту некалькі гадоў таму з-за нібыта скаргаў на маўленчыя і граматычныя памылкі.

Штопраўда, чыноўнікі выканкама і аўтапарку № 3 адмовіліся паказваць хоць адзін ліст супраць беларускай мовы, што спарадзіла думкі пра тое, што такіх лістоў наагул не было.

Намеснік дырэктара аўтапарка Віталь Цярэшчанка ў інтэрв’ю журналістам сказаў скандальныя словы пра хуткае аб’яднанне Беларусі з Расеяй і адсутнасць патрэбы ў дадзеным выпадку перакладаць нешта на беларускую мову. Пасады сваёй чыноўнік за гэтыя словы не пазбавіўся.

Абаронцы беларускай мовы яшчэ раз звярнуліся да намесніка старшыні выканкама Сяргея Паца з просьбай патлумачыць, як менавіта будзе праведзена апытанне грамадскай думкі па гэтым пытанні. І цяпер атрымалі адказ, у якім паведамляецца, што апытанне праводзіцца ў арганізацыях Аршанскага раёна, а таксама на сайце Аршанскага райвыканкама.

Беларускае Радыё Рацыя