На якой падставе Мікола Лукашэнка кіраваў камбайнам?



Адміністрацыя кіраўніка Беларусі ўгледзела жаданне атрымаць інфармацыю пра асабістае жыццё кіраўніка дзяржавы ў запыце магілёўскага праваабаронцы Аляксандра Хамратава з нагоды працы на збожжаўборачным камбайне 12-гадовага сына Лукашэнкі Мікалая.

Пасля распаўсюджаных у жніўні ў СМІ сюжэтаў аб намалоце малодшым сынам Лукашэнкі 5 тон збожжа праваабаронца звярнуўся ў Мінпрацы, МУС і Адміністрацыю прэзідэнта. Ён паведаміў, што з-за ўзросту Мікалай Лукашэнка не мае права кіраваць камбайнам, і дэманстрацыя парушэння шэрагу нарматыўных актаў становіцца для простых грамадзян узорам для пераймання. Звяртаючыся да кіраўніка Беларусі, Хамратаў пытаўся, ці ведаў Аляксандр Лукашэнка, што нельга кіраваць камбайнам, не маючы правоў, і калі ведаў, то па якой прычыне дапусціў да кіравання сына.

Інфармацыя пра прыватнае жыццё асобы і персанальныя даныя адносіцца да інфармацыі, распаўсюджванне якой абмежаванае, паведаміў 12 снежня Хамратаву намеснік начальніка ўпраўлення пісьмовых і электронных зваротаў Адміністрацыі прэзідэнта Аляксей Бабіцкі, адзначыўшы, што Аляксандр Лукашэнка з’яўляецца асобай, якая ахоўваецца.

„Гэта вельмі красамоўны прыклад, з якога кожны зробіць свае высновы пра прыстойнасць службовых асобаў”, — заявіў Аляксандр Хамратаў.

У кастрычніку Міністэрства працы і сацыяльнай абароны звярнула ўвагу праваабаронцы на адсутнасць у яго законных інтарэсаў у атрыманні інфармацыі аб прыцягненні да працы на збожжаўборачным камбайне малодшага сына Лукашэнкі.

У звароце ў МУС Хамратаў прасіў устанавіць асобу, якая перадала права кіравання камбайнам 12-гадоваму дзіцяці, і прыцягнуць гэтага грамадзяніна да адказнасці па артыкуле 18.9 (парушэнне правілаў карыстання транспартным сродкам) КоАП. У кастрычніку начальнік упраўлення ДАІ МУС Дзмітрый Карзюк паведаміў, што па зваротах праваабаронцы, якія змяшчаюць звесткі аб адміністрацыйных правапарушэннях, прынятыя рашэнні ў адпаведнасці з Працэсуальна-выканаўчым кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях. „Аднак якія менавіта рашэнні, МУС паведаміць адмовілася”, — адзначыў Хамратаў.

belapan.com