На Яўгена Вільскага ў Наваполацку склалі адразу тры пратаколы



Два з іх паводле наваполацкіх падзеяў – пікетаў па зборы подпісаў за вылучэнне на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах Святланы Ціханоўскай. І яшчэ адзін паводле віцебскіх падзеяў 31-га траўня, калі ў абласным цэнтры сабралася тысячная чарга з ахвотных падпісацца ў падтрымку жонкі вядомага блогера. Суд па ўсіх трох пратаколах адбудзецца 25 чэрвеня.

Яўген Вільскі распавёў, што за ім пэўны час сачылі міліцыянты, але ён быў вымушаны пазбягаць іхнае пільнае ўвагі:

– Бачыў, як пад’язджала, і стаяла каля пад’езда машына некалькі разоў, у дзверы грукаліся перыядычна… Але я – каардынатар па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую, і мне трэба гэтыя подпісы здаваць, то трапіцца міліцыянтам было нельга. Бо невядома, чым гэта магло скончыцца: калі адразу дадуць суткі, то хто будзе здаваць подпісы? І неяк удавалася ўсяго гэтага пазбягаць.

Паводле Яўгена Вільскага, у «спецаперацыі» па ягоным затрыманні задзейнічалі нават крымінальны вышук: міліцыянты паказалі адпаведныя дакументы. У пастарунку пратаколы складаў ужо шараговы ўчастковы інспектар. У іх пазначана, што Вільскі браў удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах «з не зацверджанымі выканкамам заявамі». Гэтак міліцыянт назваў плакаты «Слуга, сыходзь – народ прыйшоў», «Стоп таракан», «Страна для жизни». За ўдзел у пікетах, дзе былі такія плакаты, па 15 сутак арышту прысудзілі Андрэю Зуеву і Артуру Сінегу. І на 30 базавых велічынь аштрафавалі Алену Радзькову.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск