На заснавальнікаў фонду салідарнасці BYSOL завялі крымінальную справу



Следчы камітэт пачаў крымінальную справу ў дачыненні да Андрэя Стрыжака і Аляксея Лявончыка. Іх абвінавачваюць у фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання і падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. 

Пра гэта паведамляе прэс-служба СК.

Раней СК распачаў крымінальную справу ў дачыненні да журналіста Андрэя Аляксандрава і Ірыны Злобінай па ч. 1 і ч.2 арт. 342 КК Беларусі (арганізацыя і фінансаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак). Ім ставіцца ў віну тое, што яны аплачвалі штрафы людзей, якіх за ўдзел у мітынгах прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці, а таксама кампенсавалі іх утрыманне ў ізалятарах пасля адбыцця арышту.

— Падчас папярэдняга расследавання следчымі ва ўзаемадзеянні з ГУБАЗіК МУС выяўленыя факты арганізацыі і перадачы Аляксеем Лявончыкам і Андрэем Стрыжаком пры дапамозе іншых асоб грашовых сродкаў, для наступнага іх выкарыстання ў злачыннай дзейнасці Аляксандрава і Злобінай. У далейшым названыя грашовыя сродкі абвінавачаныя выкарыстоўвалі для аплаты (як асабіста, так і праз іншых асоб) штрафаў за здзейсненыя іншымі асобамі (удзельнікамі пратэстаў) адміністрацыйныя правапарушэнні, а таксама кампенсацыі нанесенай іх супрацьпраўнымі дзеяннямі шкоды, — паведамілі ў СК.

Адзначаецца, што падобная дзейнасць «ажыццяўлялася на сістэмнай аснове».

Паводле следства, Аляксей Лявончык з’яўляецца сузаснавальнікам і кіраўніком арганізацыі BY_help, «дзейнасць якой накіравана на аплату панесеных расходаў асоб, якія ўдзельнічаюць у пратэстах».

— Пры гэтым, Андрэй Стрыжак уваходзіць у склад так званай Каардынацыйнай рады, дзейнасць якой накіравана ў тым ліку на захоп і ўтрыманне ўлады ў Рэспубліцы Беларусь не канстытуцыйным шляхам, а таксама з’яўляецца сузаснавальнікам BY_help і BYSOL. Арганізацыя BYSOL займаецца фінансаваннем стачкамаў прадпрыемстваў, дэструктыўных дваровых супольнасцяў, так званых фондаў медыцынскай, спартыўнай і культурнай салідарнасці. Устаноўлена, што аб’яднанні цесна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, — дадалі ў ведамстве.

У СК лічаць, што BYSOL таксама фінансаваў «экстрэмісцкае фарміраванне, створанае ў выглядзе аб’яднання дэструктыўных дваровых чатаў».

Дзеянні Аляксея Лявончыка і Андрэя Стрыжака кваліфікаваныя следствам па:

– ч. 2 арт. 342 (іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак);

– арт. 361-2 (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармiравання).

У дачыненні да Стрыжака і Лявончыка вынесены пастановы аб прыцягненні іх у якасці абвінавачаных па ўсіх вышэйпаказаных злачынствах. Яны абвешчаныя ў міждзяржаўны вышук.

tut.by