На затрыманых у Маладэчне чатырох грамадзян складзены пратаколы
На чатырох грамадзян, затрыманых напярэдадні ў Маладэчне ля мемарыяльнага каменя «Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі», складзены пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні – пікетаванні, паведаміла Упраўленне ўнутраных спраў Мінаблвыканкама.
«Жанчыны 40 і 43 гадоў, якія маюць на ўтрыманні непаўнагадовых дзяцей, былі адпушчаныя. 55-гадовыя мужчына і жанчына змешчаны ў Ізалятар», – адзначаецца ў рэлізе.
Абласная міліцыя сцвярджае, што інфармацыя пра затрыманне на месцы падзей двух журналістаў «не адпавядае рэчаіснасці», аднак паведамляе, што «таксама ў РАУС былі дастаўлены двое журналістаў, якія пасля праверкі дакументаў былі адпушчаныя».
Карэспандэнты працуюць у мясцовым недзяржаўным выданні „Рэгіянальная газета”. Валун, аздоблены крыжам Еўфрасінні Полацкай, быў усталяваны ў пачатку 1990-х гадоў, калі кіраўніком Маладэчна быў Генадзь Карпенка. Камень двойчы пераносілі, падчас другой перадыслакацыі ў 2013 годзе ён раскалоўся, але пасля быў адноўлены. Зараз валун знаходзіцца ў гарадскім парку Маладэчна.
Беларускае Радыё Рацыя