На журналіста Алеся Кіркевіча склалі пратакол



У дачыненні да гарадзенскага журналіста-фрылансера Алеся Кіркевіча складзены пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэнне.

Маёр міліцыі Алег Кока палічыў, што незалежны журналіст парушыў заканадаўства падчас відэаздымак выставы слуцкіх паясоў, што на пачатку сакавіка адбылася ў музеі гісторыі рэлігіі. У пратаколе пазначана, што сюжэт з выставы прайшоў на тэлеканале „Белсат”, а гэта на думку міліцыянта – незаконны выраб і распаўсюд масавай інфармацыі.

Алесь Кіркевіч з абвінавачваннем не згодны:

– Гэта глупства, бо прапаганда беларускай культуры і беларускай гісторыі ў прынцыпе не можа быць на тэрыторыі Беларусі парушэннем якога-кольвек заканадаўства. Наконт працы без акрэдытацыі, я думаю, што варта разбірацца і падаваць нейкія паперы ў Варшаву да кіраўніцтва канала, а не займацца журналістамі, якія працуюць на месцы.

Частка другая артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ прадугледжвае штраф у памеры ад 20-ці да 50-ці базавых велічынь, што складае ад 3 мільёнаў 600 тысяч да 9 мільёнаў беларускіх рублёў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня