На журналістку „Эха Москвы” у рэдакцыі напалі з нажом
Напаўшы на Таццяну Фельгенгаўэр 48-гадовы Барыс Грыц нарадзіўся ў Абхазіі і мае два грамадзянствы – Расеі і Ізрайлю, паведамілі ў Следчым камітэце Расеі.
Паводле адукацыі Грыц – фізік, мае доктарскую ступень. Свой напад ён вытлумачыў тым, што журналістка доўгі час уплывала на яго праз тэлепатыю, дамагаючыся яго сэксуальна, у выніку чаго ў яго развілося адмоўнае стаўленне да гэтай жанчыны. Гэта і стала матывам для злачынства. Паведамляецца, што Барысу Грыцу будзе прызначана псіхіятрычная экспертыза.
***
На расейскую журналістку „Эха Москвы” Таццяну Фельгенгаўэр непасрэдна ў рэдакцыі напалі з нажом. Журналістка шпіталізаваная. Мужчына ўварваўся ў памяшканне рэдакцыі і ўдарыў Фельгенгаўэр у горла нажом. Паводле апошніх звестак пагрозы жыццю вядоўцы эфіру няма.
Нападнік затрыманы аховай і пераданы паліцыі, яго асоба высвятляецца.
Намеснік галоўнага рэдактара радыёстанцыі „Эхо Москвы” Сяргей Бунтман расказаў „Медузе” пра абставіны нападу на вядоўцу Фельгенгаўэр.
„Гэта адзін чалавек. Ён пырснуў з балончыка ахоўніку будынку знізу, прарваўся на паверх, напаў на нашу супрацоўніцу і параніў яе нажом. Калі яго затрымлівалі, ён зачапіў ахоўніка. У таго лёгкае раненне. Горш ахоўніку знізу, у яго траўмаваная рагавіца вока, але ён нібыта бачыць. Нападнік нічога не крычаў, усё было ціха і моўчкі. Ён падышоў, прыабняў і параніў”, – расказаў Бунтман. Па яго словах, рэдакцыя нічога не ведае пра матывы нападніка.
Беларускае Радыё Рацыя