На жыхара Полацка завялі справу за абразу Лукашэнкі (абноўлена)



У прадпрымальніка Генадзя Бердзенева з Полацка, у дачыненні да якога праводзіцца праверка па факце абразы прэзідэнта, падчас вобыску 24 красавіка канфіскаваны планшэт.

Як ён паведаміў БелаПАН, вобыск праведзены па заяве аднаго з наваполацкіх прадпрымальнікаў за тое, што ён „лайкаў” у „Аднакласніках” запісы ў групе „Надакучыў нам гэты Лукашэнка”.

Паводле слоў Бердзенева, яму прад’явілі пастанову, падпісваць якую ён адмовіўся. Кіраваў вобыскам следчы па асабліва важных справах Полацкага міжраённага аддзела Следчага камітэта Руслан Лясовіч.

Бердзенеў не скрывае, што ён пакідаў „лайкі” пад запісамі, дзе крытыкуюцца дзеянні Аляксандра Лукашэнкі, і сам пакідаў каментарыі ў групе, але адмаўляе факт абразы прэзідэнта. „Ніколі яго прозвішча і пасаду я не называў”, — адзначае прадпрымальнік.

У сувязі з дзеяннямі праваахоўных органаў ён звярнуўся па дапамогу да праваабаронцаў.

Санкцыя па артыкуле 368 Крымінальнага кодэкса (публічная абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу, або папраўчых работ на тэрмін да двух гадоў, або арышт на тэрмін да шасці месяцаў, або абмежаванне волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўленне волі на той ж тэрмін.

Беларускія праваабаронцы неаднаразова заклікалі ўлады змяніць падыход да такога роду правапарушэнняў. На іх думку, узровень абароны ад дыфамацыйных форм выказвання меркавання (замахаў на гонар, годнасць і рэпутацыю асобы шляхам распаўсюджвання абразлівых звестак або сцвярджэнняў абразлівага характару) ў службовых асоб дзяржавы, у тым ліку прэзідэнта, пракурора ці суддзі, не павінен быць вышэйшы, чым у любых іншых грамадзян.

За абразу простага грамадзяніна ў Беларусі ўстаноўлена спачатку адміністрацыйная адказнасць, і толькі пры неаднаразовым парушэнні закона — крымінальная.