Набылі моц антынаркатычныя папраўкі ў Крымінальны кодэкс
Цяпер за рэалізацыю наркотыка поўную адказнасць панясуць падлеткі ад 14-ці год, а за перадачу любых наркатычных вырабаў чакае 15 гадоў турмы.
Папраўкі зробленыя ў сувязі з падпісаным ў канцы снежня дэкрэтам кіраўніка краіны „Пра неадкладныя меры па процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў”.
Нарколаг, старшыня Пінскай арганізацыі “Пазітыўны рух” Аляксандр Павельчук вітае такія крокі, але ўпэўнены, што аднымі ўзмацненнямі адказнасці справу нельга выправіць:
– У гэтым накірунку шмат працы не бывае. Чым болей мы будзем кансалідаваць намаганні дзяржаўных і грамадскіх арганізацый,тым болей мы дасягнем. Некаторыя людзі не разумеюць, што гэта наркотыкі, лічаць гэта тытунём, які можа жаваць альбо яшчэ нечым – толькі не наркотыкам.
Па інфармацыі Міністэрства ўнутраных спраў (МУС) у Беларусі за 2014 год выяўлена звыш 7 тысяч злачынстваў звязаных з наркатычнымі рэчывамі.
* * *
Папраўкі ў КК былі прынятыя Палатай прадстаўнікоў і ўхваленыя Саветам Рэспублікі 15 студзеня, а 29 студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон.
4-га лютага набылі моц наступныя змены:
– мінімальны ўзрост, з якога настае адказнасць за незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў ці аналагаў, паніжаецца да 14 гадоў (раней адказнасць наступала з 16 гадоў);
– прадугледжвае максімальнае пакаранне 25 гадоў пазбаўлення волі;
– у новым варыянце прадугледжанае пакаранне за продаж ці перадачу наркотыку заведама непаўналетняму — за такія дзеянні можна атрымаць да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота belta.by