Начальнік аддзела адукацыі Гародні сустрэўся з сябрамі ТБМ



Сустрэча з начальнікам аддзела адукацыі Гарадзенскага гарвыканкама Сяргея Ламекі прайшла з сябрамі Таварыства беларускай мовы, бацькамі дзяцей, што выхоўваюцца па-беларуску. Стан з навучаннем на нацыянальнай мове ў Гародні застаецца складаным.

У цэнтры горада няма паўнавартаснай сярэдняй навучальнай установы, якая б прымала і навучала дзяцей-беларусаў на тытульнай мове нацыі. Але, як паведаміў нашаму радыё сябра ТБМ Іван Буднік, надзея на вырашэнне праблем яшчэ ёсць:

– Прыязныя адносіны аддзела адукацыі, разуменне тых праблем і жаданне вырашаць праблемы, якія ўзніклі ў гімназіі і дзіцячага садка, дзе існуюць дзве групы беларускамоўнага навучання. Магчыма будзе пашырана гімназічнае навучанне ў 10-й, або ў 7-й гімназіі, стварэнне беларускамоўных класаў у 16-й школе, якая знаходзіцца побач з 45-ым дзіцячым садком, і там магчыма стварэнне беларускамоўнага класа.

Паводле Сяргея Ламекі, выпускнікі 45-га дзіцячага садка, дзе дзеці выхоўваюцца па-беларуску, праз год змогуць арганізавана перайсці ў беларускі клас у СШ №16.

Цяпер у Гародні існуе дзве школы, якія размешчаны на ўскрайках двух раёнаў – 32-ая і 34-ая. У цэлым па-беларуску навучаецца 26 дзяцей.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня