Начальнік аднаго з цэхаў „Гомсельмаша” трапіў пад суд па абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве
Начальнік аднаго з цэхаў „Гомсельмаша” трапіў пад суд па абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве. Пра гэта заявіў пракурор горада Юры Булынка, які 1 чэрвеня выступаў перад калектывам прадпрыемства, паведамляе пресс-служба пракуратуры.
Выступ пракурора прысвячаўся адказнасці за „дзейнасць экстрэмісцкай накіраванасці”. У якасці прыкладу ён згадаў і начальніка цэха завода. Дэталі справы Булынка не раскрыў. Ён паведаміў толькі, што справу ўжо разглядаюць у Гомельскім абласным суде.
Як заўважыла „Медыязона”, у раскладзе суда можна знайсці закрытае судовае пасяджэнне, на якім будуць разглядаць справу Уладзіслава Пудзяка па тым жа артыкуле. Поўны цёзка Пудзяка быў намеснікам старшыні камісіі на прэзідэнцкіх выбарах. Дарэчы, за здраду дзяржаве прадугледжваецца ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі.
У красавіку Гомельскі абласны суд вынес прысуд інжынеру „Гомсельмаша” Мікалаю Давыдаву. Яго асудзілі на два гады калоніі, абвінаваціўшы у абразе прадстаўніка ўлады, абразе Лукашэнкі і распальванні іншай сацыяльнай варожасці.