Начальнік Карэліцкага РАУС папрасіў прабачэння ў слонімцаў
25 сакавіка па дарозе на Менск на тэрыторыі Карэліцкага раёна была спынена супрацоўнікамі Карэліцкага РАУС адна са слонімскіх маршрутак, у якой некалькі сяброў Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл ехалі на святкаванне 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Маршрутку з пасажырамі на Менск затрымалі некалькі гадзін у Карэлічах, а потым адпусцілі. Так слонімцы не змаглі трапіць своечасова ў Менск, а таксама на святкаванне.
Слонімцы Павел Севасцьян і Алесь Масюк напісалі скаргу начальніку карэліцкай міліцыі Валерыю Салаўёву, каб ён растлумачыў, з якой нагоды яны і ўсе астатнія пасажыры былі затрыманы і іх некалькі гадзін без дай прычыны пратрымалі ў Карэлічах. І толькі больш, чым праз месяц на імя Паўла Севасцьяна прыйшоў адказ з Карэліцкага РАУС за подпісам начальніка Валерыя Салаўёва. Спадар Салаўёў паведаміў, што (цытата згодна арыгіналу) “прычынай прыпынку і дастаўлення кіроўцы аўтобуса у Карэліцкі РАУС з’явілася неабходнасць правядзення агляду на прадмет ужывання спіртных напояў і праверка законнасці ажыццяўлення міжгародніх перавозак аўтамабільным транспартам. На падставе сабраных матэрыялаў, вынесена заключэнне аб спыненні праверкі… Прыношу Вам свае прабачэнні за прычыненыя нязручнасці”.
Па словах Паўла Севасцьяна, слонімцы плануць абскардзіць адказ начальніка Карэліцкага РАУС Валерыя Салаўёва.
Беларускае Радыё Рацыя