Начальнік лоеўскай міліцыі судзіцца з журналістам
У Гомелі праходзіць разгляд грамадзянскай справы ў дачыненні да журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага. Начальнік лоеўскай міліцыі Уладзімір Быхаўцоў падаў зыск у суд Цэнтральнага раёна Гомеля аб абароне гонару і дзелавой рэпутацыі. У заяве міліцыянт называе відэасюжэты тэлеканала „Белсат” пра будні лоеўскай міліцыі паклёпніцкімі. Падпалкоўнік міліцыі палічыў абразай параўнанне метадаў дзейнасці ягоных падначаленых з палітычнай паліцыяй нацысцкай Нямеччыны гестапа.
Сам Кастусь Жукоўскі мяркуе, што сутыкнуўся з новымі формамі пераследу.
– Улада вырашыла паспрабаваць нешта новае, паколькі не можа бясконца пераследваць за працу без акрэдытацыі. Яны выбралі мяне як грамадска актыўнага журналіста-фрылансера. Маўляў, якая тут палітыка? Ёсць звычайны грамадзянскі працэс, у межах якога пэўны чалавек (міліцыянт) лічыць, што яго абразілі ў сродках масавай інфармацыі.
Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Леанід Судаленка мяркуе, што пры аб’ектыўным разглядзе справы спробы пераследу Кастуся Жукоўскага не маюць перспектываў:
– Жукоўскі, як чалавек творчы, ён мае права на выказванне свайго суб’ектыўнага меркавання. Мы заявілі хадайніцтва, каб далучылі да матэрыялаў справы кампакт-дыск, на якім Жукоўскага ў РАУСе клалі на падлогу, душылі. Жукоўскі праводзіў у той момант паралель, што так толькі гестапаўцы з людзьмі абыходзіліся. Ён мае права праводзіць такія паралелі і выказваць сваё меркаванне.
Міліцыянт Уладзімір Быхаўцоў намераны спагнаць з журналіста Канстанціна Жукоўскага 2 тысячы беларускіх рублёў кампенсацыі. Запатрабаваная сума мусіць быць пералічана на рахунак дзіцячага дома сямейнага тыпу ў Лоеве.
Беларускае Радыё Рацыя