„Нашанівец” Андрэй Скурко пераведзены ў СІЗА № 1



 Кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу „Нашай Нівы” Андрэй Скурко пераведзены ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску, паведамляе рэдакцыя.

У „НН” адзначаюць, што 13 дзён Скурко правёў „у жудасных умовах [у ІЧУ] на Акрэсціна: без матрацаў і падушак, без зменнай вопраткі, без сродкаў гігіены, без перадач ад сваякоў (іх прынялі, але не перадалі)”.

Таксама ў „НН” падкрэслілі, што іх калега моцна схуднеў і сваякі турбуюцца пра яго здароўе. У Скурко інсуліназалежны дыябет, і яму чатыры разы на дзень неабходна рабіць уколы. Супрацоўнікі ізалятара прынялі ў сваякоў інсулін, але ён захоўваўся „на парозе душнай камеры”, тады як неабходна выконваць тэмпературны рэжым ад +2 да + 8°С. „Родныя Андрэя непакояцца, што інсулін мог проста сапсавацца, а ён крытычна неабходны арганізму”, — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле інфармацыі „Нашай Нівы”, Скурко паказаная дыета з дазаваннем вугляводаў, але з-за таго што яму не перадалі перадачу ад сваякоў, журналіст „быў вымушаны спажываць тое, што было, — а гэта адны вугляводы”, „вельмі мала мяса, поўная адсутнасць гародніны, вітамінаў”.

Акрамя таго, Скурко паказаная фізічная актыўнасць, бо арганізм у гэты час выпрацоўвае інсулін, „на волі ён стараўся хадзіць у дзень 7 тысяч крокаў, рабіць гэта ў камеры няпроста”.

„Некалькі чалавек, якія бачылі ўчора і заўчора Андрэя, падкрэслілі, што ён моцна схуднеў і кепска выглядае, — адзначае „Наша Ніва”. — Следству вядома пра стан здароўя Андрэя. Нягледзячы на гэта, было прынята рашэнне змясціць яго ў СІЗА”.

Сёння ноччу ў СІЗА № 1 быў пераведзены таксама галоўны рэдактар сайта „Наша Ніва” Ягор Марціновіч.

8 ліпеня ў рэдакцыі „НН”, бухгалтэрыі і дома ў Скурко, Марціновіча, галоўнага рэдактара часопіса „Наша гісторыя” Андрэя Дынько і галоўнага бухгалтара Вольгі Раковіч прайшлі вобшукі. Пасля гэтага ўсе чацвёра былі затрыманыя паводле падазрэння ў здзяйсненні злачынства на падставе ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Вобшукі прайшлі па гэтым і 293-м (масавыя беспарадкі) артыкулах.

Вольга Раковіч 16 ліпеня выйшла на волю.

18 ліпеня, праз 10 дзён пасля затрымання, Марціновіч, Скурко і Дынько былі затрыманыя паўторна — гэтым разам на трое сутак як падазраваныя ў здзяйсненні злачынства паводле ч. 2 арт. 216 КК (прычыненне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу). Праз трое сутак Дынько вызвалілі пад абавязацельства аб яўцы, Марціновіч і Скурко засталіся пад вартай.

belapan.by