Начальнік сталічнага ГУУС Барсукоў прызначаны намеснікам МУС
Аляксандр Барсукоў вызвалены ад пасады начальніка ГУУС Менскага гарвыканкама і прызначаны намеснікам міністра ўнутраных спраў. Адпаведны ўказ № 400 Аляксандр Лукашэнка падпісаў 10 лістапада, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.
Яшчэ адным указам ён вызваліў Віктара Дубаўца ад пасады намесніка міністра ўнутраных спраў — начальніка дэпартамента фінансаў і тылу са звальненнем са службы ў органах унутраных спраў у запас „у сувязі з правядзеннем арганізацыйна-штатных мерапрыемстваў”. Ён прызначаны начальнікам дэпартамента фінансаў і тылу МУС.
Лукашэнка таксама вызваліў Аляксандра Кобрусева ад пасады намесніка міністра ўнутраных спраў па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні са звальненнем са службы ў органах унутраных спраў у запас таксама „ў сувязі з правядзеннем арганізацыйна-штатных мерапрыемстваў”.
