Начальнік «Стралы» прызнаў невінаватасць жыхара Целяхан



Спецпадраздзяленне дарожна-транспартнай службы “Страла” Міністэрства ўнутраных спраў адмяніла 4 адміністрацыйныя пастановы супраць жыхара Целяхан Аляксандра Іванова. Рашэнне падпісана начальнікам службы палкоўнікам міліцыі Рудэнкам. Пастановы былі складзены экіпажам спецпадраздзялення за язду на старэнькім мапедзіку з даробленым электрапрывадам.

Кажа сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” ў Баранавічах Сяргей Гоўша, да якога Іваноў звярнуўся па дапамогу: 

– Прачыталі ў Менску  і вырашылі, што сапраўды трэба адмяняць. Тым больш, што на ўсіх сайтах гэтая інфармацыя з’явілася вельмі хутка па ўсёй Беларусі. Усе чытаюць, здзіўляюцца і плююць на гэтае спецпадраздзяленне “Страла”.

Паводле праваабаронцы, складзены пратакол аб тым, што Аляксандр Іваноў нібыта ўцякаў ад  экіпажа спецпадраздзялення, накіраваны ў Івацэвіцкую ДАІ для разгляду. Сяргей Гоўша спадзяецца, што і гэты пратакол будзе адменены, як і 4 пастановы. Не мог Іваноў уцякаць на сваім транспартным сродку хуткасцю 20 кіламетраў у гадзіну ад машыны ДАІ.

Нагадаем, што Іваноў – бацька семярых дзяцей, адзін з якіх інвалід, быў незаконна аштрафаваны “Стралой” на суму 122 беларускія рублі нібыта за шматлікія парушэнні дарожнага руху.

Беларускае Радыё Рацыя