Начальнік Веткаўскага РАУС звольнены за тое, што ўдарыў непаўналетняга?



Паводле неафіцыйнай інфармацыі, якую паведамілі БелаПАН некалькі крыніц, начальнік Веткаўскага РАУС звольнены з-за таго, што ўдарыў непаўналетняга.

Паводле слоў адной з крыніц, у непрацоўны час у кіраўніка раённай міліцыі ўзнік канфлікт з непаўналетнім жыхаром Веткі. Падлетак на заўвагу міліцыянера адказаў грубасцю, і той ударыў яго.

„Начальнік Веткаўскага РАУС звольнены”, — пацвердзілі ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гомельскага аблвыканкама, але не сталі каментаваць прычыны скасавання кантракта.

Следчыя УСК па Гомельскай вобласці разбіраюцца ў акалічнасцях канфлікту, які адбыўся ў горадзе Ветка паміж мясцовым жыхарам 1979 года нараджэння, які нідзе не працуе, і непаўналетнім 2001 года нараджэння. Цяпер праводзіцца комплекс следчых і іншых працэсуальных дзеянняў, накіраваных на ўстанаўленне аб’ектыўнай карціны таго, што адбылося”, — паведамілі ў аддзеле інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю Цэнтральнага апарату Следчага камітэта.

Вядома, што прызначаны экспертызы, каб высветліць, у якім стане знаходзіліся ўдзельнікі канфлікту.