Начальнікі сельгаспрадпрыемства будуць судзіцца з даяркай
Начальнікі сельгаспрадпрыемства «Гарадзец-Агра» будуць судзіцца з даяркай гэтага прадпрыемства Вольгай Сышчаніцай.
28 верасня Кобрыньскі суд разгледзіць адміністрацыйны пратакол па скаргах цяпер ужо былога начальніка малочна-таварнага комплексу Віктара Ліштвана ды юрыста гэтага прадпрыемства да даяркі. Яны вінавацяць работніцу ў паклёпе і абразах.
Кажа праваабаронца з праваабарончага цэнтра «Вясна» Уладзімір Малей:
— Гэта справа ўзнікла ў выніку з’яўлення відэароліка на Youtube пад назвай «Начальник пьёт, доярки дуют». Даярка паведаміла дырэктару, што іх начальнік знаходзіцца ў нецвярозым стане, каб разабраліся. І прыехала аператыўная група, якая правярае алкаголь. Але тая група не правярала начальніка, а прымусіла іх, даярак, дуць.
Вольга Сышчаніца ў сваю чаргу кажа, што за 20 гадоў працы не мела спагнанняў, пакуль не стала скардзіцца на метады працы новага начальніка іх малочна-таварнага комплексу.
Беларускае Радыё Рацыя