Начны ператрус у Алеся Пушкіна



Мінулай ноччу ў доме Алеся Пушкіна ў Бабры адбыўся ператрус. Пра гэта паведаміў Беларускі фонд культурнай салідарнасці.

Мастак якраз вярнуўся дамоў з Менску пасля прылёту з Кіева. Няпрошаныя „госці” заявіліся а 2-й гадзіне ночы. Гэта былі прадстаўнікі Гарадзенскага Следчага камітэту і з імі пяцёх амапаўцаў.

У выніку ператрусу ў хаце і майстэрні Пушкіна забралі ўсю кампутарную тэхніку і мабільныя тэлефоны, у тым ліку тэлефоны непаўнагадовых сына і дачкі Пушкіных. У майстэрні пабілі шкло і пашкодзілі карціны мастака. Пра затрыманне Пушкіна не паведамляецца.

Напомнім, што на Алеся Пушкіна і кіраўніка гарадзенскага Цэнтру гарадскога жыцця Паўла Мажэйку пачатая крымінальная справа за нібыта „рэабілітацыю і апраўданне нацызму”. Гэта вельмі сур’ёзны артыкул Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае турэмнае зняволенне ад 5 да 12 гадоў. Справа літаральна „высмактаная з пальца”, паколькі яна фармальна пачатая з-за партрэта Аўгена Жыхара, удзельніка пасляваеннага антысавецкага супраціву. Партрэт гэты Алесь Пушкін выставіў у Гародні на сваёй выставе ў ліку іншых мастацкіх твораў.

Беларускае Радыё Рацыя