Над Беларуссю ідзе новая магутная навальніца



У кірунку Менска з боку Баранавічаў рухаецца новы навальнічны фронт. Хуткасць ветру дасягае 50 кіламетраў на гадзіну. Меркавана, сталіцы фронт дасягне праз 2-2,5 гадзіны.

19c6450e

Падтапленні  ў Гародні, Гарадзенскім раёне і Наваградку сталі наступствамі ліўня, які прайшоў па тэрыторыі вобласці.

У Гародні выратавальнікі адкачвалі ваду  з падвалаў жылога дома па вуліцы Баброўскага, пяціпавярховага дома па вуліцы Камарова, абласнога каардыялагічнага шпіталя па вуліцы Болдзіна і дваровай тэрыторыі па плошчы Тызенгауза.

У Наваградку  былі падтопленыя падвалы чатырох шматкватэрных жылых дамоў па вуліцах Даздовіча і Гарадзенскай.

Кажа прэс-сакратар Гарадзенскага абласнога ўпраўлення МНС Наталля Жывалеўская:

У звязку з тым, што захоўваецца дажджлівае надвор’е, праінфармаваны чальцы камісій па надзвычайных сітуацыях і зацікаўленыя арганізацыі. Грамадзянам раім зачыніць вокны, запаркаваць аўтамабілі ў бяспечных месцах, прыняць неабходныя меры па захаванні сваёй маёмасці, а ў месцах, якія рэгулярна падтапляюцца, пажадана загадзя зрабіць каналы для адводу стокавай вады. Па магчымасці ўстрымайцеся ад паездак і знаходжання на вуліцы. Калі неабходна дапамога ратавальнікаў, паведамляйце пра гэта па нумарах 101 і 112.

Засталіся без электрычнасці 47 населеных пунктаў у Наваградскім, Лідскім і Вараноўскім раёнах, 6 малочнатаварных фермаў і 89 трансфарматарных падстанцый. Сярэдняя працягласць адключэнняў электрычнасці склала 46 хвілінаў.

Каля 4 тысяч паваленых дрэваў, больш за 300 пашкоджаных аўтамабіляў, каля 30 чалавек пацярпелых, 5 з якіх шпіталізаваныя, сарваныя кроўлі дамоў, затопленыя вуліцы – такі няпоўны спіс наступстваў, якія назіраюцца ў Менску ад учорашняй стыхіі.

Агульны аб’ём страт, якія былі нанесеныя навальніцай, яшчэ толькі высвятляецца.

Як паведамляе прэс-сакратар Менскага гарадскога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Дзембоўскі, не гледзячы на размах стыхіі, сітуацыя знаходзіцца пад кантролем:

– У цяперашні момант усе гарадскія аварыйныя службы працуюць ва ўзмоцненым рэжыме, вядзецца расчыстка асноўных дарог і магістраляў. Робіцца перадусім тое, каб нармальная работа горада была адноўлена. Аднак, я запэўніваю, што пасля заканчэння асноўных аварыйных работ, усе камунальныя службы дабяруцца да кожнага двара, усе дрэвы будуць папілаваныя і прыбраныя, дапамога будзе аказана.  

На ўсёй тэрыторыі Беларусі захоўваецца высокі – аранжавы ўзровень небяспекі.

Беларускае Радыё Рацыя