Над светлагорскай праваабаронцай прызначылі новы суд (абноўлена)



Замест судовага пасяджэння 3 кастрычніка светлагорскую праваабаронцу Алену Маслюкову і грамадскага актывіста Анатоля Змітровіча тэрмінова выклікалі ў міліцыю. Там ім паведамілі, што суд адправіў пратакол на дапрацоўку. Паводле Алены Маслюковай, стары пратакол быў адпраўлены ў сметніцу, а па новаму пратаколу яны са Змітровічам ператварыліся з удзельнікаў масавага мерапрыемства ў арганізатараў, з чым яны катэгарычна не пагадзіліся, кажа Алена Маслюкова:

Яны зараз сцвярджаюць, што мы з’яўляемся арганізатарамі і ў іх нібыта для гэтага ёсць падставы. У мяне ўвогуле нарадзілася такая думка: гэтымі адміністрацыйнымі справамі, якія зараз яны імкнуцца фабрыкаваць, папросту хочуць адцягнуць нашу ўвагу ад той праблемы, якую трэба вырашаць, ад праблемы чыстага паветра. Але яны гэтага не дачакаюцца.

Флэшмоб “Светлагорск за чыстае паветра”, за які судзяць Маслюкову і Змітровіча, адбыўся 15 верасня. На плошчы каля райвыканкама сабралася ад 150 да 200 чалавек. Удзельнікі мерапрыемства былі ў марлевых павязках і з зялёнымі паветранымі шарыкамі. У такой форме жыхары Светлагорска выказалі сваё стаўленне да выкідаў. Сабраліся людзі на плошчы з дапамогай сацыяльных сетак.

* * *

Светлагорскія ўлады ў чарговы раз не дазволілі масавае мерапрыемства на адзіным адведзеным уладамі месцы ў горадзе – стадыёне “Папяровік” 6 кастрычніка. Прычына банальная і звыклая для ўсёй Беларусі – у гэты час і дзень стадыён заняты, кажа праваабаронца Алена Маслюкова:

– Я буду абскарджваць гэтае рашэнне – гэта адназначна. Але я скажу пра іншае: 29 верасня яны адмовілі нам у правядзенні. Зараз 6-га ў іх там нібыта зноў мерапрыемства. Гэта ўжо чацвёртая адмова ў правядзенні мітынгу. Пасля вы мяне хочаце зрабіць арганізатарам. Вось арганізатар – Светлагорскі раённы выканаўчы камітэт.

Паводле Алены Маслюковай, улады проста здзекуюцца над людзьмі. Паколькі раней яны прасілі павялічыць колькасць месцаў для масавых  мерапрыемстваў. Але атрымалі адмову, маўляў, павелічэнне нематэзгоднае.

Праваабаронца абскардзіць адмовы.

Беларускае Радыё Рацыя

* * * 

Стала вядома, што ў чацвер, 4 кастрычніка, светлагорскай праваабаронцы Алене Маслюковай уручылі новую судовую позву на 5 кастрычніка да 11.30. Яе выклікаюць у суд Светлагорскага раёна ў якасці асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс. Аднак, у адрозненне ад папярэдняга суда, судовы працэс будзе адбывацца ўжо па частцы 2 артыкула 23.34 КаАП (арганізацыя несанкцыянаванага масавага мерапрыемства).

Але праваабаронца ў сувязі з немагчымасцю прысутнасці адваката напісала хадайніцтва аб пераносе разгляду справы на іншы дзень. Тым самым яна просіць суд забяспечыць яе права на юрыдычную дапамогу, гарантаванае Кастытуцыяй.

Нагадаем, суд над Аленай Маслюковай і экалагічным актывістам Анатолем Змітровічам распачаўся 24 верасня. Іх звінавацілі ва ўдзеле ў флэшмобе супраць дзейнасці завода беленай цэлюлозы 15 верасня, палічыўшы, што гэта несанкцыянаванае масавае мерапрыемства (ч. 1 арт. 23.34 КаАП). Падчас працэсу суддзя Царук нечакана вырашыў выклікаць у суд сведак і перанёс паседжанне на 3 кастрычніка. 

1 кастрычніка Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў распаўсюдзіла тэрміновы зварот, у якім заклікала зняць усе абвінавачванні супраць светлагорскіх актывістаў. У гэты ж дзень суд Светлагорскага раёна паведаміў, што справа аб адміністрацыйным правапарушэнні вернута ў Светлагорскі РАУС для ліквідацыі недахопаў. Але 3 кастрычніка супрацоўнік Светлагорскага РАУС Дзмітрый Шпак склаў новыя адміністрацыйныя пратаколы ў дачыненні да Алены Маслюковай і Анатоля Змітровіча.

Вясна