Надалей не адпавядае міжнародным стандартам



Закон надалей не адпавядае міжнародным стандартам. Нязначна яго палепшылі, але гэта не рэалізуе права грамадзянаў на свабоду сходаў. Так праваабаронцы каментуюць новыя папраўкі ў закон аб масавых мерапрыемствах, якія 26 студзеня ўвайшлі ў сілу. Абноўлены закон аб масавых мерапрыемствах уводзіць паведамляльны прынцып на правядзенне масавых мерапрыемстваў, але толькі ў тым выпадку, калі яны запланаваныя ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах. Праваабаронцы рыхтавалі свае прапановы, але беларускія заканадаўцы іх не ўлічылі, заўважае каардынатар юрыдычных праграм Беларускага Хельсінкскага камітэта Дзмітрый Чарных.

Закон не адкідае сітуацыю назад. Гэта невялікае паляпшэнне. Паглядзім, канешне, як гэта будзе працаваць на практыцы. Мы ў цэлым, і Беларускі Хельсінкскі камітэт, і праваабарончыя арганізацыі, выступаем за тое, каб быў прыняты новы закон у новай рэдакцыі з захаваннем усіх прынцыпаў датычна свабоды мірных сходаў, якія ўжо ёсць у свеце і перадавой практыцы, у тым ліку.

Праваабаронцы лічаць, што беларускі закон аб масавых мерапрыемствах настолькі не адпавядае міжнародным нормам і прынцыпам, што неабходна не ўносіць у яго папраўкі, а распрацаваць і прыняць новы закон з улікам палажэнняў і патрабаванняў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота belta.by