Надзея Саўчанка адказала на словы Святланы Алексіевіч
Украінская лётчыца Надзея Саўчанка, якую судзяць цяпер у Данецку Растоўскай вобласці, адказала пісьменніцы, лаўрэату Нобелеўскай прэміі Святлане Алексіевіч.
Карэспандэнт Радыё Свабода Антон Наумлюк раней выслаў Саўчанцы вытрымкі з інтэрв’ю пісьменніцы, у якім яна, у тым ліку, назвала выкраданнем арышт украінскай лётчыцы і запатрабавала яе вызвалення. Алексіевіч сказала тады:
«Мне вельмі падабаецца гэтая жанчына. Я памятаю самае першае інтэрв’ю Надзеі: як сумленна яна казала пра ўсё, што з ёй здарылася. Гэта чалавек перакананняў, чалавек са сваім поглядам. Гэта вайсковец, які рабіў сваю справу. Абараняў радзіму. Я лічу, што ўкраінская армія абараняе сваю радзіму. Саўчанку падманным шляхам выкралі, прывезлі ў Расею, пракуратура ня мае супраць яе ніякіх доказаў, у яе ёсць алібі. Калі я падпісвала тэкст ліста (у абарону Саўчанкі. — РС), то ўспомніла знакаміты здымак, на якім Пуцін намаляваны вярхом на кані — напаўголы, торс такі магутны. І вось я думаю: ну як гэта ўжываецца з тым, што мужчына ваюе з жанчынай. З такімі моцнымі, цікавымі жанчынамі? Калі ўжо ясна, што зусім мала засталося, каб Надзеі наагул ня стала. На самых страшных войнах прынята паважаць стойкасць і волю суперніка, гэта рабілі нават немцы падчас Другой сусветнай вайны, колькі такіх прыкладаў. А чамусьці вось расейская ўлада на гэта ня здольная».
У адказ Надзея Саўчанка падзякавала пісьменніцы за стаўленне да яе самой і да Ўкраіны:
«Вялікі дзякуй за ўрывак з інтэрв’ю вялікай беларускай пісьменніцы Святланы Алексіевіч. У Расеі яе назвалі савецкай пісьменніцай, Парашэнка назваў украінкай, але яна — дачка вялікага і годнага беларускага народа! Яна заслужыла права праславіць сваю Радзіму і сваю нацыю на ўвесь свет! І ня трэба яе перахрышчваць, перацягваючы коўдру славы на сябе. Я вельмі радая за гэтага чалавека і паважаю яе працу і творчасць. Я з ёй не знаёмая і, на жаль, пакуль не чытала яе кніг. Але ўжо замовіла іх у турму, — напісала Саўчанка ў лісце. — Я калісьці, яшчэ раней, пачула назву «У вайны не жаночы твар» і саркастычна ўсміхнулася, бо я з жанчын, якія бачылі твар вайны… Але я зразумела, што нашы меркаванні з аўтарам шмат у чым супадуць, што гэта кніга не шавіністычны трактат пра тое, што месца жанчыны на кухні, а хутчэй наадварот — ода жанчыне. Я абавязкова прачытаю гэтую кнігу. Калі зможаце, абавязкова перадайце мае словы Святлане Алексіевіч і маю ўдзячнасць за стаўленне да мяне і да Ўкраіны.
А што тычыцца Пуціна з голым торсам на кані, у самалёце-зьнішчальніку і на тушэнні пажараў, і на паляванні ў тайзе, і на караблі, падводнай лодцы, і яшчэ там, дзе яго піярылі, то я лічу — малайчына! Гэта ўсё павінен умець кожны мужчына. Толькі вось іронія: я жанчына, а, уявіце сабе, таксама ўсё гэта ўмею. Хіба што чорнага пояса па самба ў мяне няма. Затое я выдатна танцую самбу. І ў каго з нас «яйца круче», час яшчэ пакажа. А вось прасіць літасці ў поскудзі я ня буду. Ён ужо мне прайграў, калі ўлічваць той факт, што я баба, а ён мужык.
А вам журналісты, сумленныя і праўдзівыя, дзякуй за вашу працу. І падказвайце, калі я паводжу сябе неяк ня так. З павагай, Надзя».
Надзея Саўчанка знаходзіцца ў СІЗА ў Новачаркаску Растоўскай вобласці. Лётчыцу абвінавачваюць у дачыненні да гібелі расейскіх журналістаў ВГТРК летам 2014 года, а таксама ў замаху на жыццё ўцекачоў і незаконным перасячэнні мяжы. Саўчанка адмаўляе ўсе абвінавачванні і настойвае на тым, што яе незаконна вывезлі на тэрыторыю Расеі пры ўдзеле спецслужбаў.