Надзвычайнае здарэнне адбылося на „Нафтане”
Надзвычайнае здарэнне адбылося напярэдадні ўвечары на прадпрыемстве „Нафтан” у Наваполацку.

Адбылася разгерметызацыя трубаправода, які выходзіць з рэактара ўстаноўкі гідраачысткі і мяккага гідракрэкінгу. Пра гэта расказалі ў МНС. Ратавальнікі выязджалі на прадпрыемства. Праз пашкоджанне трубаправода адбыўся выкід газ-прадуктовай сумесі. Яна загарэлася.
„У выніку пажару пашкоджаны квадратны метр цеплаізаляцыі рэактара і адзін пагонны метр цеплаізаляцыі трубаправода”, — адзначылі ў МНС.
Ніхто не пацярпеў. Тэхналагічны працэс на прадпрыемстве таксама не быў парушаны. Спецыялісты цяпер спрабуюць разабрацца, што стала прычынай інцыдэнту.
