Колькасць ахвяраў аварыі на «Гродна Азоце» павялічылася? (абноўлена)
Паводле неафіцыйнай інфармацыі ад аднаго са сваякоў ахвяры, памёр трэці пацярпелы ад аварыі на “Гродна Азоце”. Аднак Следчы камітэт Беларусі абверг такую інфармацыю.
„Гэта не адпавядае рэчаіснасці”, – заявіла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік СК Юлія Ганчарова. Паводле яе слоў, цяпер у бальніцы застаюцца тры чалавекі. Іх стан ацэньваецца як стабільны. Адзін пацярпелы знаходзіцца ў рэанімацыі.
* * *
«Адразу пасля інцыдэнту з інгаляцыйным атручваннем парамі гарэння ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі даставілі двух пацярпелых, якіх размясцілі ў рэанімацыю. Вечарам выклікаў хуткую дапамогу з падобнымі сімптомамі яшчэ адзін чалавек, які знаходзіўся на прадпрыемстве ў момант няштатнай сітуацыі. Яго таксама паклалі ў рэанімацыю. Чацвёрты пацыент прыйшоў да медыкаў самастойна са скаргамі на слёзацёк. Яго паклалі ў аддзяленне таксікалогіі », – паведаміў БЕЛТА начальнік упраўлення аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкама Андрэй Стрыжак.
Паводле яго слоў, на дадзены момант стан трох пацярпелых ацэньваецца як здавальняючы.
Як паведаміў галоўны ўрач Гарадзенскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Мікалай Кендыш, дадатковыя пробы паветра вакол «Гродна Азот» – ў норме.
7-га чэрвеня ў Гародню прыбыў старшыня Следчага камітэту Беларусі Іван Наскевіч. Ён асабіста наведаў адзін з цэхаў прадпрыемства „Гродна Азот», дзе адбылося здарэнне, і пракаментаваў сітуацыю тэлеканалу «Гродна Плюс».
* * *
Па факце здарэння на прадпрыемстве „Гродна Азот” распачатая крымінальная справа. Абраны артыкул – службовая халатнасць. Паводле звестак следства, пры правядзенні ў адным з цэхаў планавых рамонтных работ з выкарыстаннем газавага разака адбылося задымленне. У выніку смяротнае атручэнне атрымалі двое рабочых, яшчэ двое былі шпіталізаваныя.
Цяпер следча-аператыўная група аглядае вонкавую тэрыторыю, неўзабаве плануецца распачаць працу на тэрыторыі цэха. Прыборы не зафіксавалі перавышэнне шкодных рэчываў у паветры. Пра гэта паведамілі ў Гарадзенскім абласным цэнтры па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя. Аднак вынікі лабараторных даследаванняў паветра на аміяк будуць гатовыя толькі раніцай 7 чэрвеня. Даследаванне праводзіцца ў звычайным рэжыме, бо для даследавання ў тэрміновым рэжыме неабходны загад МНС, якога не было. Прадстаўніца цэнтру Наталля Талочка падкрэсліла, што лабараторыя знаходзіцца паблізу прадпрыемства. Работнікі не чулі выбуху, а паветра па адчуваннях заставалася звычайным на працягу дня. „На карысць адыграла яшчэ тое, што вецер быў не ў бок горада”, — сказала Талочка, адзначыўшы, што за горадам пастоў назіранняў няма.
Прэс-служба „Гродна-Азот” абмежавалася інфармацыяй аб няштатнай сітуацыі:
* * *
Па неафіцыйнай інфармацыі на „Гродна-Азоце” ўзарваўся склад з гідраксілам. Выбух адбыўся з-за тэхнічнай памылкі працоўнага на прадпрыемстве. Пары гідраксіла ў выглядзе хмары „пайшлі” ў бок Скідаля. Пасля апублікавання гэтай інфармацыі на рэсурсе s13.ru гэты сайт перастаў працаваць.
На гарадзенскія прадпрыемствы, што працуюць у цэнтры Гародні было тэлефанаванне з МНС с просьбаю цягам 2-3 гадзінаў не адчыняць вокны і не выходзіць на вуліцы.
Таксама па неафіцыйных дадзеных былі папярэджаны супрацоўнікі школ і садкоў, каб у памяшканнях зачынілі вокны, а дзецям забаранілі выходзіць на вуліцу.
Гэта адбылося прыкладна а 14-й гадзіне, калі на „Азот” рушыла спецтэхніка МНС. Эвакуацыя працаўнікоў не праводзілася. Прычыны здарэння высвятляюцца.
* * *
Надзвычайнае здарэнне на „Гродна-Азоце”. Загінулі два чалавекі, – паведаміла прэс-служба міністэрства па надзвычанйых сітуацыях. У 12.45 па менскім часе у МНС паступіла паведамленне пра задымленне ў адным з цэхаў прадпрыемства. Паводле папярэдняй інфармацыі, пры правядзенні агнявых работ іскра патрапіла на небяспечнае рэчава. У выніку смяротнае атручэнне парай атрымалі двое рабочых, яшчэ двое шпіталізаваны. Прычыны здарэння высвятляюцца.
«Гродна-Азот» выпускае вадкі тэхнічны аміяк, азотныя ўгнаенні і біядызельнае паліва. Каля паловы прадукцыі ідзе на экспарт.
* * *
Гарадзенскае МНС адправіла выратавальную спецтэхніку на «Гродна-Азот», адкуль паступіў тэрміновы выклік, як паведаміла прэс-сакратар Гарадзенскага абласнога ўпраўлення МНС Наталля Жывалеўская.
Паведамленне паступіла ў абед, выратавальнікі адправіліся на тэрыторыю прадпрыемства і знаходзяцца дагэтуль там. Відавочцы паведамляюць пра дзясяткі аўтамабіляў хуткай дапамогі і МНС, якія накіраваліся ў бок «Гродна-Азот», а з тэрыторыі завода бачны дым.
«На дадзены момант МНС збірае інфармацыю, каб паведаміць, што менавіта адбылося на тэрыторыі прадпрыемства», – патлумачыла прэс-сакратар.
Паводле папярэдняй інфармацыі, пры правядзенні агнявых работ адбылося траплянне іскры на гідраксіламінсульфат, у выніку чаго смяротнае атручэнне парамі атрымалі двое рабочых, яшчэ двое былі шпіталізаваны. Работнікі МНС падавалі ваду на астуджэнне рэчыва.
Паводле БелТА
Фота autogrodno.by і s13.ru