Надзвычайнае здарэнне ў шахце „Беларуськалія”
Адзін чалавек загінуў і сем атрымалі траўмы ў выніку надзвычайнага здарэння ў шахце „Беларуськалія”, паведаміў Следчы камітэт.
Паводле папярэдняй інфармацыі, днём 4 сакавіка пры руху падземнай машыны для перавозкі пасажыраў адбылося яе сутыкненне з цалікам (частка залежы) горнай выпрацоўкі. У выніку пацярпелі работнікі прадпрыемства, якія знаходзіліся ў транспартным сродку. У бальніцу былі дастаўленыя восем чалавек. Адзін з іх — кіроўца аўтамабіля — ад атрыманых траўмаў памёр.
„З мэтай агляду месца здарэння, фіксацыі следавой карціны і збору матэрыялу ў шахту на глыбіню больш за 600 метраў зрабіла спуск следча-аператыўная група”, — паведаміў СК.
Фота belnovosti.by