Нагадваючы пра экалагічныя праблемы, нельга забывацца і на палітычныя
Праблемы наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС нікуды з Беларуcі не зніклі, хоць улады Беларусі спрабуюць зрабіць выгляд, што іх больш няма. І таму вельмі важна нагадваць пра гэтую катастрофу, – кажа сябра Рады Руху „За Свабоду” Вольга Быкоўская.
Нагадаем, што ў Менску адбылося першае пасяджэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні традыцыйнага „Чарнобыльскага шляху”. У пасяджэнні ўдзельнічалі прадстаўнікі вядучых дэмакратычных партый Беларусі, у тым ліку і Руху „За свабоду”.
Па словах Вольгі Быкоўскай, нагадваючы пра экалагічныя праблемы, нельга забывацца і на палітычныя:
– Трэба сказаць, што “Чарнобыльскі шлях” – гэта палітычная акцыя, і зараз ёсць усе нагоды для таго, каб людзям сабрацца і нагадаць пра тое, што ў Беларусі адбываецца прававое бязмежжа, ёсць праблемы з палітыкай, ёсць палітзняволеныя. Таму, калі акцыя будзе дазволеная, то палітычныя праблемы зоймуць там адно з першых месцаў у адным шэрагу з экалагічнымі.
Таму што таго, што зараз адбываецца ў краіне, такога „прававога Чарнобыля”, мабыць, у гісторыі пасляваеннай Беларусі ніколі не было. Столькі людзей пацярпелі, столькі сядзяць у няволі ні за што. Усё гэта трэба неадкладна спыніць, – кажа Вольга Быкоўская.
Беларускае Радыё Рацыя