Найстарэйшага віцебскага апазіцыянера аштрафавалі на 1350 рублёў
Барыса Хамайду, вядомага апазіцыйнага актывіста і распаўсюдніка незалежнай прэсы, суд Чыгуначнага раёна прызнаў вінаватым у правядзенні несанкцыянаванага пікета. Суддзя Вольга Шапавал аштрафавала 72-гадовага пенсіянера на 50 базавых велічынь.
Спадар Хамайда кажа, што штраф добраахвотна плаціць не будзе:
– Злачынца я небяспечны, так атрымліваецца… Але я разлічваў, што, можа, яшчэ дадуць “суткі”, таму прыйшоў з мяхом. Суддзя сказала, што сканфіскаваныя тэлефоны вернуць, калі я сплачу штраф. Але я плаціць яго не стану, няхай з пенсіі вылічваюць!
Барыса Хамайду затрымалі 9-га снежня каля так званага Сіняга дома – дома №28 на вуліцы Леніна, дзе ён распаўсюджвае беларускую літаратуру і незалежныя СМІ. У аддзеле міліцыі Чыгуначнага раёну ў яго забралі не толькі тэлефоны, але і бел-чырвона-белую сімволіку, і рарытэтныя рэчы – падарункі сяброў, якімі ён аздабляе сваё працоўнае месца, у тым ліку вышыванку з тэкстам малітвы “Ойча наш”. Пра лёс гэтых рэчаў пакуль нічога не вядома.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск