Найвышэйшая нараджальнасць у Беларусі — у сельскай мясцовасці



Найбольшая колькасць дзяцей у краіне нараджаецца ў беларусак 20—24 гадоў, якія жывуць у сельскай мясцовасці, сведчаць даныя статзборніку „Сям’я ў Рэспубліцы Беларусь”, што падрыхтаваў Нацыянальны статыстычны камітэт.

Афіцыйныя статыстычныя звесткі сведчаць, што за 2010—2016 гады ўзровень нараджальнасці ў жыхарак сельскай мясцовасці 20—24 гадоў істотна вырас. Так, калі ў 2010 годзе на 1.000 жанчын гэтага ўзросту прыпадала 149 дзяцей (у гарадах — 78), то ў 2013-м — 237 (у гарадах — 73), а ў 2016-м — 257 (у гарадах — 68).

На думку беларускіх эканамістаў, гэтая тэндэнцыя абумоўленая тым, што ў сельскай мясцовасці ўзровень грашовых даходаў істотна ніжэйшы, а ўзровень беднасці значна вышэйшы. Паводле афіцыйных даных за 2016 год, удзельная вага малазабяспечаных слаёў насельніцтва ў сельскай мясцовасці складала 10%, у гарадах — 4,2%.

У каментары БелаПАН эксперт Даследчага цэнтра ІПМ Глеб Шымановіч растлумачыў: „Рэгіянальныя эканамічныя канферэнцыі, якія наш цэнтр праводзіў у абласных цэнтрах сёлета ў маі, пацвердзілі гіпотэзу аб тым, што дзіцячыя дапамогі вядуць да зніжэння эканамічнай актыўнасці ў сельскай мясцовасці”.

У сельскай мясцовасці, адзначыў ён, памер дзіцячай дапамогі можа быць супастаўны з зарплатай, на якую могуць разлічваць жанчыны.

„Адпаведна, жанчыны ў сельскай мясцовасці схільныя заводзіць дзяцей у больш раннім узросце. Пры гэтым у дзяцей, народжаных у такіх сем’ях, высокая рызыка патрапіць ў так званую „пастку беднасці”. Яна выяўляецца ў тым, што дзіцяці ў сям’і з нізкім узроўнем даходу значна больш складана разлічваць на высокі ўзровень адукацыі. Адпаведна, магчымасці ў такіх дзяцей атрымаць годны ўзровень жыцця ніжэйшыя”, — растлумачыў Шымановіч.

Таму, мяркуе ён, першарадная задача рэгіянальнай палітыкі дзяржавы павінна заключацца ў стымуляванні эканамічнай актыўнасці ў тым ліку сельскай мясцовасці.

„Выбар жанчын на карысць не працаўладкавання, а нараджэння ў раннім узросце дзяцей, сігналізуе пра сур’ёзныя праблемы на рынку працы ў сельскіх населеных пунктах”, — лічыць Шымановіч. БелаПАН