Наколькі беларусы вераць уладам і Міністэрству аховы здароўя?



Працягваем правяраць інфармацыю з розных рэгіёнаў Беларусі. У Воршы частка людзей называе сітуацыю залішняй панікай, аднак большасць пачынае прымаць меры і ўжо абмежавала свае кантакты. Падрабязней пра сітуацыю ў горадзе на ўсходзе Беларусі кажа наш карэспандэнт Кастусь Багушэвіч:

– Варта сказаць, што ніякай асаблівай напругі ў Воршы ў сувязі з каронавірусам не назіралася да апошніх дзён. Аршанцы спакойна хадзілі на працу, але калі Беларусь засталася адзінай краінай Еўропы, дзе не прымаецца ніякіх каранцінаў і толькі прыватныя кампаніі пераводзяць людзей на дыстанцыйную працу, пачалося хваляванне. Нельга сказаць, што паліцы ў крамах пустыя. І ўсё ж заўважна, што людзі актыўней, чым у ранейшыя месяцы, раскупляюць крупы і тушаніну.

Падаўжэння вакацый у школе не дачакаліся, і тым не менш па аршанскіх школах вельмі заўважныя настроі людзей. Сёння, 20-га сакавіка, у большасці класаў толькі палова вучняў, астатнія альбо прынеслі заявы за подпісам бацькоў аб адсутнасці па сямейных абставінах ці даведкі ад лекараў аб прастудзе, а нехта і проста не прыйшоў. Палова стандартнага класа не на занятках – гэта адразу заўважна. Настаўнікі акуратна папярэджваюць бацькоў аб небяспецы каронавірусу, хаця рабіць ім гэта негалосна забаронена.

Па вуліцах горада не ездзяць адна за адной машыны хуткай дапамогі, і ўсё ж аршанскія медыкі, з якімі мне ўдалося паразмаўляць па тэлефоне і праз інтэрнэт, раяць абмяжоўваць колькасць выхадаў на вуліцу і падкрэсліваюць, што працуюць у нестандартных умовах.

Калі пра звыклую рэспіраторную інфекцыю інфармацыю падаюць штогод, тады пра цяперашні вірус начальства не рэкамендуе даваць шырокіх звестак. А самае кепскае ў тым, што ў Воршы зараз і не робяць дакладных аналізаў на каронавірус. Для гэтага папросту няма ўмоваў. Дзяржаўная «Аршанская газета» напярэдадні напісала пра 39 чалавек, у якіх нібыта ўзяты аналізы. Аднак крыніцы «Рацыі» паведамілі, што насамрэч людзей накіроўвалі на аналізы ў Менск. Улады спрабуюць давесці, што сітуацыя знаходзіцца пад кантролем і каронавірус беларусам не пагражае сур’ёзнымі наступствамі, аднак мясцовыя жыхары ўжо не надта вераць у гэта.

Паводле афіцыйнай інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі 69 хворых на каронавірус. Аднак ёсць ананімныя сігналы ад медыкаў аб тым, што ім проста забараняюць ставіць адпаведны дыягназ.

Беларускае Радыё Рацыя, Ворша