Наколькі запатрабаваная беларуская філалогія ў БрДУ?
Як праходзіць набор на спецыяльнасць беларуская філалогія на філфаку Берасцейскага Дзяржаўнага ўніверсітэту імя А.С.Пушкіна? Некаторыя лічбы можна знайсці на сайце навучальнай установы. Аднак, больш поўны каментар дэканат факультэту даць адмовіўся з-за “адсутнасці супрацы з Беларускім Радыё Рацыя”. І ўсё ж такі частку інфармацыі пра стан рэчаў у беларускай філалогіі далі кампетэнтныя прадстаўнікі ўстановы:
– Колькасць бюджэтных месцаў на спецыяльнасць беларуская філалогія, літаратурна-рэдакцыяйная дзейнасць філалагічнага факультэта павялічваецца. Так, згодна інфармацыі, пададзенай на сайце Берасцейскага дзяржуніверсітэта, у 2016 годзе плануецца прыняць на беларускую філалогію 18 чалавек на бюджэтнае месца і 2 – на платнае. Напрыклад, на тую ж рускую філалогію плануецца прыняць 10 бюджэтнікаў і 5 платнікаў.
Раней беларускамоўныя выкладчыкі іншых спецыяльнасцяў усё ж адзначалі, што частка абітурыентаў сутыкаецца з праблемамі і цяжкасцямі, калі знаёмяцца з беларускай мовай бліжэй. Кажа дацэнт кафедры журналістыкі філалагічнага факультэта БрДУ Святлана Клундук:
– Паколькі я сама выкладчыца беларускамоўная, я вельмі люблю і шаную беларускую мову і прывучаю да гэтага нашых студэнтаў. Хоць гэта вялікая праблема. Вельмі многа непаразумення з боку студэнтаў. Праблемы ёсць. Я па магчымасці, канешне, стараюся даносіць да студэнтаў, што трэба вывучаць беларускую мову, трэба ведаць сваю культуру, таму што, магчыма, праз паўгода-год ці пяць не проста захочацца, а прыйдзецца працаваць у беларускамоўнай плыні.
Залічэнне на спецыяльнасці факультэта, у тым ліку і на беларускмоўныя, па выніках рэкрутацыйнай кампаніі адбудзецца 23 ліпеня. “Тады і можна будзе весці гаворку пра колькасць”, – зазначылі ў дэканаце.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота brestcity.com