Наладзіць вытворчасць санітайзераў можна ў Берасці
Наладзіць вытворчасць спіртазамяшчальнай прадукцыі ў Берасці прапануюць сябры арганізацыі „За свой горад”. У горадзе, як і па ўсёй вобласці, недахоп антысептыкаў. Адпаведны зварот актывісты накіравалі да дырэктара завода «Белалка» і ў Берасцейскі абласны выканаўчы камітэт.
Кажа наш карэспандэнт з Берасця Аліса Поль:
– У лісце падкрэсліваецца, што эпідэміялагічная сітуацыя ў Беларусі, як і ва ўсім свеце, толькі пагаршаецца, меры па стрыманні вірусу – недастатковыя. У аптэках – недахоп антысептыкаў. Лікёра-водачны завод мае адпаведнае тэхнічнае абсталяванне і асноўныя кампаненты для таго, каб зрабіць такі сродак у мэтах стрымання інфекцыі. Таму можна наладзіць вытворчасць у адпаведнасці са стандартамі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і Беларусі.
Палітык Ігар Маслоўскі перакананы, што такія дэзынфекцыйныя сродкі будуць запатрабаваныя як у самой краіне, так і за яе межамі. А вытворчасць і выкарыстанне санітайзераў зможа толькі павялічыць бяспеку жыцця і здароўя жыхароў рэгіёна.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Cadu Rolim / Keystone Press Agency / www.globallookpress.com