Налепкі «Спасибо деду за победу» не павінны дапускацца да дарожнага руху



Карыстальнік сацыяльных сетак Сяргей з Берасця днямі выклаў у публічны доступ фотаздымкі свайго аўтамабіля, які з-за наяўнасці налепак з нацыянальным арнаментам, па ягоных словах, не здолеў прайсці тэхагляду.

2016-10-25_liaskievic_tehahliad_auto_z_arnamientam

Праходзіў ён яго на адной са станцыяў тэхабслугоўвання (СТА) пад Берасцем. У тэлефоннай размове з прадстаўніком гэтага СТА пацвердзілі што выпадак меў месца і спаслаліся на заканадаўства:

— Калі на аўтамабіль наносяцца нейкія налепкі ці выявы, яны павінны быць узгодненыя ва ўстаноўленым парадку. Калі таго ўзгаднення няма, нанесеныя выявы ідэнтыфікуюцца як налепка і ў адпаведнасці з правіламі дарожнага руху, такі аўтамабіль дазволу не атрымлівае. Гэта не мае ніякага дачынення да тэхнічнага стану, але дазволу на удзел у дарожным руху аўтамабіль не атрымлівае.

РР: А калі налепкі іншага характару, напрыклад: «Спасибо деду за победу», машына таксама ня пройдзе тэхагляду?

— Кожная налепка на аўтамабілі, тым больш, калі яна знаходзіцца на шкле, з′яўляецца неадпаведнасцю пры праверцы аўтамабіля.  

На жаль, статыстыка колькасці аўтамабіляў з нацыянальным арнаментам, альбо сімваламі ў горадзе Берасці не вядзецца. Аднак, калі даць візуальную ацэнку, дык такіх аўтамабіляў значна менш за  аўто з налепкамі кшталту «Спасибо деду за победу», «На Берлин!» і іншых. Пік канцэнтрацыі такіх іншамарак прыпадае на святочныя дні мая. «Якім чынам яны дапушчаны да дарожнага руху? І чаму на гэта не звяртае ўвагі ДАІ?», — задаюцца пытаннямі аўтааматары з нацыянальнымі налепкамі.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце