Намеснік начальніка сталічных могілак прысуджаны да сур’ёзнага тэрміну
У судзе Заводскага раёна Менска абвесцілі рашэнне па крымінальнай справе ў дачыненні да Сяргея Рудога – экс-намесніка дырэктара па агульных пытаннях менскага «Спецкамбінат КБА». У падпарадкаванні прадпрыемства знаходзяцца могілкі сталіцы, паведаміў партал tut.by.
Мужчыну прызналі вінаватым у атрыманні хабару паўторна ў буйным памеры. Яму прызначылі 4 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і забаранілі на пяць гадоў займаць пэўныя пасады. Суд пастанавіў спагнаць з Рудога ў даход дзяржавы 2,5 тысячы рублёў. Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.
Сяргея Рудога затрымалі ў чэрвені па падазрэнні ў атрыманні хабару. Па дадзеных следства на той момант, Руды атрымаў у якасці хабару не менш за 800 даляраў «за вырашэнне пытання, якое ўваходзіла ў яго кампетэнцыю».
Камунальнае ўнітарнае прадпрыемства «Спецкамбінат КБА» – дзяржаўная спецыялізаваная арганізацыя ў сферы пахавальнага сэрвісу ў Менску. У яе падпарадкаванні знаходзяцца ўсе могілкі сталіцы, а таксама крэматорый. Акрамя таго, яна аказвае поўны спектр рытуальных паслуг.
Беларускае Радыё Рацыя