Намеснік старшыні БАЖ: Праца арганізацыі запаволеная, але працягваецца
З-за канфіскацыі тэхнікі і апячатвання офіса ў выніку праведзенага 16 лютага вобшуку праца Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) запаволеная, але працягваецца, паведаміў БелаПАН намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.
Ён падкрэсліў, што БАЖ з’яўляецца членам Міжнароднай федэрацыі журналістаў і афіцыйна зарэгістраванай у Беларусі арганізацыяй, якая „дзейнічала, дзейнічае і плануе дзейнічаць строга і выключна ў адпаведнасці з заканадаўствам”.
„Нас строга кантралюе Міністэрства юстыцыі, мы туды дасылаем справаздачы, — адзначыў Гарэцкі. — Зараз паўстала пытанне, як працаваць, паколькі ў нас забралі сейф, у якім ляжыць пячатка арганізацыі, і тэхніку. Справа ў тым, што якраз да 1 сакавіка грамадскія аб’яднанні павінны падаваць у Міністэрства юстыцыі справаздачы. Безумоўна, мы будзем імкнуцца справаздачу аб дзейнасці падаць. <…> Цяпер мы спрабуем знайсці тэхніку, можа быць, хто-небудзь з калег падзеліцца, каб можна было весці нашу законную дзейнасць”.
„Праца арганізацыі вельмі запаволеная, паколькі офіс апячатаны, і зараз незразумела, дзе павінен размяшчацца наш кіруючы орган. Паводле закона кіраўнікі павінны размяшчацца ў гэтым офісе. У любым выпадку мы маем намер працягваць дзейнасць, рабіць тое, што зможам”, — дадаў ён.
Раней рада Беларускай асацыяцыі журналістаў пастанавіла правесці 16 красавіка чарговы з’езд арганізацыі. „Адносна з’езда пакуль абсалютна незразумела, мы зараз плануем сабрацца і падумаць, — сказаў намеснік старшыні БАЖ. — Ён прызначаны радай БАЖ, таму пакуль рада яго не адменіць, ён павінен адбыцца, як і запланавана, 16 красавіка. Ён у любым выпадку павінен адбыцца сёлета, таму што таго патрабуе наш статут. А наш статут — гэта канстытуцыя, якую мы не парушаем”.
„Праца БАЖ працягнецца — у строгай адпаведнасці з заканадаўствам, як гэта было і раней”, — запэўніў ён.
Раніцай 16 лютага ў розных гарадах Беларусі пачаліся вобшукі ў журналістаў і праваабаронцаў.
Падчас вобшуку ў офісе БАЖ канфіскаваныя тэхніка, сейф, папка з заявамі на ўступленне ў арганізацыю, некаторыя асобнікі часопіса „Абажур”. Офіс апячатаны. Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, які прысутнічаў пры вобшуку, не затрыманы. Не затрыманыя таксама яго намеснікі Барыс Гарэцкі і Алег Агееў, да якіх дадому таксама прыходзілі сілавікі.
Сілавікі прыходзілі дадому да праваабаронцаў, журналістаў і актывістаў у Мінску, Гомелі, Рэчыцы, Мазыры, Светлагорску, Магілёве, Віцебску, Брэсце.
Вобшукі ў БАЖ, а таксама ў журналістаў і праваабаронцаў у рэгіёнах праводзяцца ў межах расследавання справы на падставе арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса, паведаміў Следчы камітэт. „У межах папярэдняга расследавання з мэтай устанаўлення абставінаў фінансавання пратэставай дзейнасці следствам ініцыяванае правядзенне вобшукаў у арганізацыях, якія пазіцыянуюць сябе як праваабарончыя. Правядзенне працэсуальных дзеянняў даручана супрацоўнікам ГУБАЗіК МУС і санкцыянаванае Генеральнай пракуратурай. Канчатковая прававая ацэнка сітуацыі будзе дадзеная пасля правядзення ўсяго комплексу працэсуальных дзеянняў”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы СК.
Міжнародная і Еўрапейская федэрацыі журналістаў (IFJ і EFJ адпаведна) апублікавалі на сваіх сайтах заявы, у якіх выступілі ў абарону прадстаўнікоў медыя і запатрабавалі ад уладаў Беларусі спыніць іх пераслед.
„Гэта яшчэ адна абуральная атака на свабоду прэсы, і мы катэгарычна асуджаем атакі на нашых калегаў з БАЖ, іншых журналістаў і праваабаронцаў, — сказаў прэзідэнт IFJ Юнес Муджахід. — Мы патрабуем, каб улады Лукашэнкі раз і назаўсёды спынілі пераслед прэсы. Мы таксама заклікаем міжнародныя арганізацыі прыняць жорсткія меры для падтрымкі свабоды прэсы ў Беларусі”.
„На працягу некалькіх тыдняў мы выкрываем узмацненне рэпрэсій у дачыненні да дэмакратычных сілаў у Беларусі. Пасля адміністрацыйнага і крымінальнага пераследу журналістаў беларуская дыктатура цяпер ажыццяўляе атаку на прадстаўнічую журналісцкую арганізацыю. Міжнароднай супольнасці варта нарэшце прыняць меры, каб пакласці канец злоўжыванням нелегітымнага прэзідэнта Лукашэнкі”, — адзначыў прэзідэнт EFJ Могенс Бліхер-Б’ерэгард.
IFJ і EFJ заклікалі АБСЕ, Савет Еўропы і Еўрапейскі звяз „прыняць меры для аднаўлення вяршэнства закона ў Беларусі”.
Камісар Савета Еўропы па правах чалавека Дунья Міятавіч заявіла пра непрымальнасць уціску журналістаў і праваабаронцаў у Беларусі. „Уціск у Беларусі праз вобшукі, арышты і крымінальны пераслед журналістаў і праваабаронцаў, уключаючы партнёраў Савета Еўропы і ААН, непрымальны. Свабода выказвання меркаванняў, асацыяцый і сходаў павінна быць забяспечаная ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі ў сферы правоў чалавека”, — напісала яна ў „Твітэры”.