Намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага дапыталі ў Следчым камітэце
Намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Барыса Гарэцкага 24 сакавіка дапыталі ў Следчым камітэце.
Як паведаміў БелаПАН Гарэцкі, ён даваў паказанні ў якасці сведкі ў межах справы паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса. „Допыт доўжыўся каля дзвюх гадзін. Нічога новага з таго, што раней было канфіскавана падчас лютаўскага вобшуку ў офісе і заставалася ў іх, не вярнулі. У СК застаюцца камп’ютары, карткі ўліку членаў БАЖ і мае асабістыя рэчы — мабільныя тэлефоны і грошы”, — сказаў намеснік кіраўніка БАЖ.
16 лютага ў кватэрах і офісах дзясяткаў праваабаронцаў, прафсаюзных актывістаў і незалежных журналістаў па ўсёй краіне прайшлі вобшукі. Як пасля паведаміў СК, яны былі праведзеныя ў межах расследавання справы паводле артыкуле 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Вобшукі прайшлі ў офісе БАЖ, у старшыні арганізацыі Андрэя Бастунца і яго намеснікаў Барыса Гарэцкага і Алега Агеева, юрыста Крысціны Рыхтэр, у офісе пазбаўленага дзяржрэгістрацыі праваабарончага цэнтра „Вясна” і ў яго старшыні Алеся Бяляцкага, у каардынатара кампаніі „Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэя Палуды, лідараў і актывістаў незалежнага прафсаюза РЭП, рэгіянальных праваабаронцаў у многіх гарадах.
10 сакавіка Андрэй Бастунец быў дапытаны ў Следчым камітэце ў якасці сведкі ў межах гэтай справы. У прысутнасці кіраўніка БАЖ быў праведзены агляд канфіскаванага 16 лютага сейфа арганізацыі. 12 сакавіка Следчы камітэт разблакаваў апячатаны пасля вобшуку офіс БАЖ. 15 сакавіка быў зняты арышт з банкаўскага рахунку БАЖ, днём пазней следчыя вярнулі сейф са статутам і пячаткай арганізацыі.
Беларуская асацыяцыя журналістаў — афіцыйна зарэгістраваная арганізацыя, член Міжнароднай федэрацыі журналістаў.