Напад на паліцэйскае вучылішча ў Пакістане
Колькасць ахвяр нападу групы ўзброеных людзей на паліцэйскае вучылішча ў горадзе Квета на захадзе Пакістана працягвае расці: мясцовыя ўлады пацвердзілі гібель ужо 59 чалавек.
У шпіталі Кветы паступіла больш за сотню параненых, некаторыя з іх – у цяжкім стане.
На вучылішча напалі ўвечары ў панядзелак: група ўзброеных людзей, страляючы з аўтаматаў, проста ўварвалася на тэрыторыю вучэбнага цэнтра, а затым у будынак інтэрната, у якім магло знаходзіцца да 500 курсантаў.
Першапачаткова паведамлялася, што нападнікаў было пяцёра ці шасцёра. Як стала вядома пазней, трое з іх мелі на сабе начыненыя выбухоўкай поясы шахідаў.
«Яны несліся на нас, страляючы з аўтаматаў. Мы сталі ўцякаць ад іх на дах, а з яго саскочылі на задні двор – так і выратаваліся», – распавёў тэлекампаніі Geo адзін з курсантаў, якому сярод іншых удалося самастойна пакінуць будынак яшчэ ў самым пачатку бою.
Неўзабаве да вучылішча былі сцягнутыя вялікія сілы спецназу і рэгулярнай арміі, аднак перастрэлкі і выбухі працягваліся яшчэ больш за дзве гадзіны.
Двум смяротнікам удалося падарваць сябе ў будынку інтэрната. Гэтым тлумачыцца велізарная колькасць ахвяр сярод курсантаў, распавёў генерал-маёр Памежнага корпуса Пакістана Шэр Афган.
Трэці баявік з выбухоўкай быў застрэлены супрацоўнікамі спецслужбаў, не паспеўшы прывесці бомбу ў дзеянне, паведамляе ВВС.