Напад ў Нью-Ёрку: 8 загінулых, падазраваны затрыманы



Амерыканскія СМІ паведамілі, што затрыманы – 29-гадовы выхадзец з Узбекістана Сайфуло Саіпаў (Фота 2016 года)

У Нью-Ёрку затрыманы кіроўца пікапа, які наехаў на веласіпедыстаў і мінакоў. У выніку гэтага інцыдэнту восем чалавек загінулі, паведаміў мэр Нью-Ёрка Біл дэ Блас. Шэсць чалавек памерлі на месцы, яшчэ двое памерлі ў бальніцы ад атрыманых раненняў. Па звестках улад, зламыснік праехаў па веладарожцы ў Ніжнім Манхэтэне, збіваючы людзей, а потым урэзаўся ў школьны аўтобус. Мэр Нью-Ёрка назваў гэты напад баязлівым актам тэрору. Сярод загінуўшых, акрамя амерыканцаў, ёсць таксама грамадзянін Бельгіі і аргентынец. Пра гэта паведамілі бельгійскі міністр замежных спраў Дыдзье Рэйндэрс і прадстаўнік МЗС Аргенціны. Па дадзеных паліцыі Нью-Ёрка, яшчэ 11 чалавек атрымалі сур’ёзныя траўмы, але яны не пагражаюць жыццю пацярпелых.

Паліцыя паведаміла, што кіроўца, урэзаўшыся ў школьны аўтобус, выскачыў з пікапа, трымаючы ў руках два пісталеты. Паліцэйскія зрабілі некалькі стрэлаў, паранілі яго ў жывот і затрымалі:

Пазней у паліцыі ўдакладнілі, што адзін пісталет у нападніка быў пейнтбольны, а другі пнеўматычны. Амерыканскія СМІ, а таксама агенцтва Рэйтэр са спасылкай на свае крыніцы ў паліцыі паведамілі, што затрыманы – 29-гадовы выхадзец з Узбекістана Сайфуло Саіпаў. Машыну ён узяў напракат.

Па дадзеных тэлекампаніі NBC ён прыехаў у ЗША ў 2010 годзе з Узбекістана, а ў Нью-Ёрк прыбыў з Тампы, штат Фларыда. Як паведаміў тэлеканал ABC News, у 2015 годзе Саіпаў прыцягваўся ў Пенсільваніі за парушэнне правілаў дарожнага руху. На прэс-канферэнцыі журналісты спыталі кіраўніка паліцыі Нью-Ёрка Джэймса О’Ніла пра тое, ці праўда, што нападнік крычаў „Алах Акбар!”. О’Ніл адказаў, што словы, вымаўленыя падазраваныя, калі ён вылез з пікапа, і агульныя абставіны здарэння дазваляе кваліфікаваць яго як тэрарыстычны акт.

Гарадскія ўлады паведамілі, што нягледзячы на гэтую трагедыю, традыцыйнае шэсце, якое праходзіць у Нью-Ёрку ў Хэлоўін, адменена не будзе. Гэта быў найбольшы па колькасці ахвяр напад ў Нью-Ёрку з 11 верасня 2001 года, калі ў выніку тэракту былі разбураны вежы Сусветнага гандлёвага цэнтра і загінула больш за 2600 чалавек.

BBC