Напісаў прапановы па-беларуску – назвалі “русафобам” і “нацыяналістам”
Жыхар Віцебска Андрэй Кешанюк вырашыў узяць удзел у конкурсе “Калі б я быў мэрам”, які праводзіць партал tut.by.
Паводле ўмоваў конкурсу, удзельнікі выказваюць свае прапановы, што да паляпшэння гарадской інфраструктуры і ўвогуле гарадскога жыцця. Як прынцыпова беларускамоўны чалавек, Андрэй Кешанюк напісаў пра свае ідэі на роднай мове. І аказаўся адзіным удзельнікам конкурсу з Віцебску, хто гэтак зрабіў. Першыя водгукі прыйшлі ад прыхільнікаў “рускага свету”, якія ўбачылі ў допісе праявы “русафобіі”. Ім не спадабалася прапанова склікаць пазачарговую сесію гарадскога Савету дэпутатаў і прыняць рэзалюцыю ў абарону суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, лічыць аўтар:
– Зараз ідуць размовы пра нейкае паглыбленне інтэграцыі Беларусі і Расеі. Але тых інтэграцыйных картаў мы не ведаем. Нас кормяць абяцанкамі, што гэта будуць выключна эканамічныя інтэграцыйныя працэсы, але эканоміка і палітыка зараз так цесна ўзаемазвязаныя, што аддзяляць адно ад другога ніяк немагчыма.
Андрэй Кешанюк прапануе таксама распусціць ідэалагічныя аддзелы, адмяніць прымусовую падпіску на дзяржаўныя СМІ, стварыць грамадскую раду і адмысловы форум для абмеркавання розных пытанняў жыцця горада, вярнуць віцебскім вуліцам гістарычныя назовы, перайменаваць бібліятэкі ў гонар беларускіх, а не расейскіх пісьменнікаў. Аднак аўтар мяркуе, што гэта – справа будучыні:
– У тых умовах, ва ўмовах той улады, пры якой мы жывём, перайначыць нешта практычна немагчыма. Найперш трэба перайначыць уладу ў краіне, і вось тады ўжо будуць актуальныя прапановы. Безумоўна, перамены патрэбныя ўсёй краіне нашай. І Віцебску, безумоўна, як часцінцы гэтай краіны.
Тым не менш, Андрэй Кешанюк вырашыў падзяліцца сваімі ідэямі, бо перакананы, што ў яго ёсць не толькі апаненты, але і аднадумцы.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск