Напярэдадні Дня Волі – затрыманні, вобшукі і выклікі ў міліцыю
Беларускія праваабаронцы фіксуюць затрыманні, вобшукі, выклікі на прафілактычную гутарку ў міліцыю і іншыя формы націску на грамадзян мінімум у 12 гарадах.
Згодна са звесткамі праваабарончага цэнтр „Вясна”, у Менску раніцай 24 сакавіка ў пяты раз быў затрыманы неўролаг Руслан Бадамшын. Паведамляецца аб затрыманні беларускамоўнага блогера Ягора Тубялевіча, якога, паводле папярэдніх даных, падазраюць у блакаванні цягнікоў у Лідскім раёне Гарадзенскай вобласці. З невядомай прычыны затрыманыя студэнты БДУ Арцём Баярскі і БНТУ Ілля Сіяновіч. Старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак выкліканы на допыт у якасці сведкі па крымінальнай справе. На пасяджэнне савета калегіі адвакатаў выкліканы абаронца Віктара Бабарыкі Дзмітрый Лаеўскі.
У сябе дома затрыманыя жыхары Маладэчна (Менская вобласць) Аляксандр Новаш і Раман Анушчанка. Вядома, што Новаш у жніўні быў асуджаны па раней дзейным арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
У Астраўцы (Гарадзенская вобласць) у суд выкліканыя Людміла Сульжыцкая і Ілля Петуноў па адміністрацыйнай справе за падзеі 18 лютага. У той дзень як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства ўлады расцанілі апладысменты людзей у судзе.
У Пінску (Берасцейская вобласць) у міліцыю выклікалі журналіста Андрэя Якімуша, якога ўжо затрымлівалі на мінулым тыдні.
Паведамляецца пра вобшукі ў Бабруйску (Магілёўская вобласць) у мясцовых актывістаў Галіны Смірновай, Алены Чарняўскай і Уладзіміра Міхалапа. Паводле неправеранай інфармацыі, супрацоўнікі спрабуюць знайсці аўтара надпісу „Фашысты”.
У Гародні пракуратура праводзіць праверку выставы Алеся Пушкіна, на якой дэманструецца партрэт прадстаўніка пасляваеннага антысавецкага падполля Аўгена Жыхара.
З учарашняга вечара ў Светлагорску (Гомельская вобласць) сілавікі ў бронекамізэльках спрабуюць знайсці актывіста Дзмітрыя Дзікуна, ён не выходзіць на сувязь. Знікла таксама сувязь з мясцовай актывісткай Аленай Навумовіч.
У Смаргоні (Гарадзенская вобласць) праваабаронцу „Вясны” Алеся Дзергачова выклікалі ў РАУС, каб уручыць папярэджанне аб адказнасці за ўдзел у незаконных масавых мерапрыемствах.
У Навагрудку (Гарадзенская вобласць) затрыманы мясцовы жыхар Сяргей Лаўрушчык, 23 сакавіка як мінімум у яго і яшчэ двух чалавек прайшлі вобшукі.
У Калінкавічах (Гомельская вобласць) сілавікі прыйшлі да людзей, якія ў верасні 2020 года прыцягваліся да адказнасці за ўдзел у акцыях пратэсту. Вобшукі прайшлі ў доме прадпрымальніка і мастачкі Мікалая і Марыны Міхеевых, у актывіста Мікалая Судаса. Усіх павезлі РАУС. Члена Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Елісеева, які быў незалежным назіральнікам на выбарах 2020 года, міліцыянеры забралі з-пад кропельніцы ў мясцовай бальніцы, дзе ён праходзіць стацыянарнае лячэнне. Елісееву падалі пастанову аб вобшуку паводле арт. 188 КК (паклёп) за паведамленні ў тэлеграм-чаце.
У Наваполацку (Віцебская вобласць) затрыманы некалькі ўдзельнікаў страйку, у тым ліку былы юрысконсульт „Нафтана” Аляксандр Капшуль.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у бальніцы знаходзіцца Магілёўскі актывіст Аляксей Барысаў, затрыманы і моцна збіты 23 сакавіка. За дзень да збівання яго выклікалі на прафілактычную гутарку да пракурора.