Напярэдадні перамогі: напады на міліцыю і вайскоўцаў
У траўні 1945 года на беларускім Палессі для бальшавікоў сітуацыя з антысавецкім рухам заставалася напружанай.
Мінуў амаль год, як саветы занялі гэтую тэрыторыю, але ліквідаваць падполле не атрымалася.
Літаральна ўчора Беларускае Радыё Рацыя размясціла на сваім сайце гісторыю, якая адбылася 9 траўня 1946 года ў пінскім краі (гл.: Акрываўленае свята. 9 траўня 1946 года на Піншчыне), а сёння пазнаёмімся з падзеямі, што мелі месца быць у сучасным Кобрынскім раёне на год раней, у пераможным траўні 1945 года.
Зброя, канфіскаваная ў чэрвені 1949 года ў ходзе аперацыі МДБ БССР па ліквідацыі падполля ў тагачасным Антопальскім раёне Берасцейшчыны.
Праз пару дзён пасля капітуляцыі гітлераўскай Нямеччыны, сакратар Берасцейскага абласнога камітэта Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі Мікалай Тупіцын паведаміў у Менск кіраўніку КП(б)Б Панцеляймону Панамарэнку, што група падпольшчыкаў рыхтавалася захапіць раённы цэнтр вобласці – горад Дзівін. У нашыя дні гэта аграгарадок Кобрынскага раёна. Дарэчы за перыяд з ліпеня 1944 года, гэта ўжо была другая спроба антысавецкага руху заняць гэтае паселішча. І нічога дзіўнага – у Дзівінскім раёне, як нідзе на беларускім Палессі быў самы моцны супраціў.
У спецпаведамленні Тупіцына гаварылася, што «па звестках спецслужбаў, добра ўзброеная банда налічвае больш за 50 чалавек. Яна мела намер атакаваць раённы цэнтр Дзівін 6-7 траўня». Але падзеі разгортваліся не па сцэнары падполля. Раніцай 6 траўня, сем работнікаў міліцыі праводзілі выведку і выявілі ў двух кіламетрах ад горада, на хутары, узброеную групу. Завязалі з імі бой, у выніку якога двух падпольшчыкаў забілі, а з іх боку быў цяжка паранены міліцыянер Андрэй Суботка. Падпольшчыкі адступілі ў лес і неўзабаве аб’явіліся ў вёсцы Ліпава, дзе захапілі ў палон участковага Серадовіча. Яго расстралялі за дапамогу ва ўсталяванні савецкай улады.
Кіраўніцтва раёна запрасіла на дапамогу атрад НКУС, які прыбыў у Дзівін уноч на 7 траўня. Ужо раніцай таго ж дня чэкісты выйшлі на групу. Бой завязаўся на тэрыторыі Навасёлкаўскага сельсавета. Колькасная перавага і па зброі была ў падпольшчыкаў, таму яны паспрабавалі ўзяць у кола чэкістаў і ліквідаваць усіх. Нягледзячы на перавагу сіл, камандаванне групы прыняло рашэнне сысці ў лес, бо губляўся час, а НКУСаўцы верагодна выклікалі падмогу.
Напрыканцы данясення ў Менск, сакратар Берасцейскага абкама КП(б)Б канстатаваў: «факты паказваюць актыўную дзейнасць банд за апошні час, што робіць цяжкай нармальную работу партыйных і савецкіх арганізацыяў. Райкам і абкам КП(б)Б лічаць неабходным паставіць у асобных сельсаветах раёна воінскія гарнізоны, асабліва ў Хабовіцкім, Павіццеўскім, Лелікаўскім і Асоўскім».
Лета 1945 года на Палессі было сапраўды спякотным, антысавецкі рух зладзіў дзясяткі акцый, пра якія пагаворым пазней…
Ранейшыя публікацыі, прысвечаныя падзеям 1944-45 гадоў на Палессі: «Барацьба з саветамі на Палессі ўлетку 1944 года», «Нацыяналісты лютуюць. Падзеі 75-гадовай даўніны», «Берыя Сталіну пра барацьбу з антысавецкім элементам», «Барацьба за Дняпроўска-Бугскі канал», «Як настаўніца з паплечнікамі рыхтавалася захапіць уладу», «Не арганізавалі насельніцтва супраць нацыяналістаў…», «Пралетарскай прапагандай па антысаветчыках!», «Падполле вядзе паляванне на партыйна-савецкі актыў», «Красавік 1945 года: «Мы ідэйныя барацьбіты з саветамі».
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя