Нарколаг: Гомельская трагедыя не палохае нарказалежных



Рэзанансная спайс-трагедыя ў Гомелі стала жудасным прыкладам таго, што можа зрабіць сінтэтычны наркотык з чалавекам, кажуць адмыслоўцы. Два маладзёны, якія пад уплывам наркотыка пазбавілі свайго сябра вачэй, атрымалі па 11 і 15 гадоў турмы.

Здарэнне ў Гомелі адразу ж пачалі выкарыстоўваць у інфармацыйнай працы розныя колы антынаркатычнага руху краіны. Гэтым прыкладам запалохваюць моладзь, якая знаходзіцца ў групе рызыкі.

На думку нарколага Аляксандра Павельчука, гомельская трагедыя не палохае нарказалежных:

– Яны не бачаць наступстваў спажывання гэтага страшнага наркотыка. Ёсць гумар, ёсць агульнасць мыслення, агульнасць паводзінаў, але не бачаць трагічных наступстваў. Калі кажуць, што спайсы забіваюць, што людзі выкідваюцца з вакна – гэта абстрактна. Гэта са мной ніколі не здарыцца, я вось тры разы паліў і нічога мне гэта дрэннага не дало, таму не верыцца ў гэта.

Аляксандр Павельчук, які мае 25-ці гадовы досвед працы з нарказалежнымі, адзначае, што пасля Гомеля „спайс” працягвае знішчаць беларускую моладзь. Прапагандай нельга супрацьстаяць наркотыку.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя