Нарколагі асцерагаюцца ўсплёску залежнасці сярод падлеткаў ад снюсу



Нарколагі асцерагаюцца ўсплёску залежнасці сярод падлеткаў са з’яўленнем у Беларусі новага прадукту, што ўтрымлівае нікацін, — снюсу, заявіла загадчыца падлеткавага аддзялення мінскага Гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансера Людміла Шпакоўская на прэс-канферэнцыі 4 снежня.

Паводле яе слоў, спецыялісты чакаюць росту наркаспажывання падобнага таму, што быў у 2014 годзе са з’яўленнем спайсаў. Да іх сітуацыя з наркалагічным прафілактычным і дыспансерным улікам падлеткаў была спакойнай — штогод на ўліку знаходзілася не больш за 13—18 падлеткаў. „Найбольшая іх колькасць — 20 чалавек — была ў 2012 годзе, як раз перад тым, як з’явіліся спайсы. І тут жа, у 2013 годзе, рэзкі скачок да 148 чалавек. У 2014 годзе нарколагі рэгістравалі ўжо 150, а то і 160 чалавек”, — адзначыла Шпакоўская.

Пасля выхаду ў снежні 2014 года дэкрэта прэзідэнта № 6 „Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў” гэтая лічба стала рэзка зніжацца. На 1 кастрычніка 2016 года на прафілактычным уліку ў Мінску знаходзілася 48 падлеткаў, на дыспансерным (з сіндромам залежнасці) — чатыры. У кастрычніку 2017 года на прафілактычным уліку было 20 падлеткаў, на дыспансерным — чатыры. Праз год — дзесяць і тры чалавекі. „На 1 лістапада гэтага года на прафілактычным уліку знаходзяцца сем чалавек, на дыспансерным — нуль”, — сказала нарколаг.

Шпакоўская падкрэсліла, што ў снюсу няма тытуню, але застаецца нікацін, які з’яўляецца наркатычным рэчывам і выклікае залежнасць. „У пакуначку снюсу доза нікаціну значна большая за тую, якая змяшчаецца ў самой моцнай цыгарэце. Трымаецца гэты пакуначак паміж губой і дзясной нашмат даўжэй, чым выкурваецца цыгарэта, ад 10 да 30 хвілін. Адпаведна нікаціну трапляе ў арганізм больш, і мы атрымліваем залежнасць страшнейшую за цыгарэты, не кажучы ўжо пра канцэрагенныя рэчывы ў складзе сумесі”, — падкрэсліла яна.

Згодна са словамі медыка, рэчывы, якія ўтрымліваюцца ў сумесі, выклікаюць спыненне росту, парушэнне кагнітыўных функцый, зніжэнне памяці і фізічнай трываласці. Наступствамі ад вялікай дозы нікаціну для дзіцяці могуць быць гіпертанічны крыз, анафілактычны шок.

„У свой час спайсы спачатку не былі забароненыя, прадаваліся легальна. Бацькі тады паняцця не мелі, што гэта такое, таксама і цяпер не цікавяцца новымі рэчывамі. Мы прыходзілі на прадпрыемствы, у банкі, у школы, расказвалі пра небяспеку спайсаў. І сёння са з’яўленнем снюсу паўторым тыя ж крокі, будзем выязджаць і расказваць бацькам, што гэта такое”, — паведаміла нарколаг.

Яна звярнула ўвагу на высокую латэнтнасць падлеткавай наркаманіі. „З усіх дзяцей, якія ў нас знаходзяцца на прафілактычным уліку, толькі адзінкі маюць сіндром залежнасці. А агульная колькасць падлеткаў, якія назіраюцца ў нарколагаў у Мінску, — прыблізна 4.300 чалавек. Сюды ўваходзяць усе падлеткі, якія некалі некуды трапілі, якія ананімна звярнуліся і г.д., — сказала Шпакоўская. — Акрамя таго, калі сёння ў нас на ўліку сем чалавек, а ў дарослым кабінеце — чатыры тысячы, то дзе гэтыя астатнія 3.993 чалавекі? Яны на вуліцы! Бо ўсе яны пачынаюць спрабаваць наркотыкі ў падлеткавым узросце. Іншае пытанне, наколькі часта яны гэта робяць і як хутка трапляюць у залежнасць. Адзін паспрабаваў і кінуў, іншы — працягнуў”.

belapan.by

Фота krasrab.ru