Народнай артыстцы Беларусі Зінаідзе Бандарэнцы праведзена аперацыя



Народнай артыстцы Беларусі, вядомай тэлевядучай Зінаідзе Бандарэнцы 26 снежня праведзена аперацыя па пратэзаванні каленнага сустава.

Аперацыя прайшла паспяхова, паведаміў БелаПАН журналіст Аляксандр Тамковіч.

„У апошні час Зінаіда Аляксандраўна практычна не магла хадзіць, толькі дома. Але чакаць чаргу на замену сустава планава трэба каля двух гадоў. Таму ўрачы параілі купіць пратэз швейцарскай вытворчасці і ўстанавіць яго”, — удакладніў Тамковіч.

Паводле яго слоў, набыць пратэз дапамаглі некалькі вядомых людзей і арганізацый.

Тамковіч з’яўляецца аўтарам кнігі „Мой шлях да Беларусі. Далягляды Зінаіды Бандарэнкі”, якую плануецца выпусціць вясной 2019 года да 80-годдзя народнай артысткі, якое яна адзначыць 25 красавіка. На інтэрнэт-пляцоўцы „Талака” працягваецца збор сродкаў на выданне.

Аўтар кнігі паведаміў, што на гэты момант сабрана 73% ад неабходнай сумы — больш за 8 тысяч з 11 тысяч рублёў. „Не чакаў, што за тыдзень да навагодніх святаў збор актывізуецца. Я па-добраму рады таму, як людзі ахвяруюць на кнігу”, — падкрэсліў Тамковіч.

У кнігу, паводле яго слоў, увойдзе мноства жыццёвых гісторый, расказаных яму народнай артысткай. Палову 400-старонкавай кнігі зоймуць каля 300 фотаздымкаў Зінаіды Бандарэнкі — здымкі з яе асабістага архіва, а таксама новыя фота, зробленыя рознымі аўтарамі.

belapan.by