Народная інаўгурацыя і затрыманні ў Глыбокім



Нягледзячы на прэвентыўныя затрыманні, запужванні, пракурорскія папярэджанні, штрафы і суткі, глыбачане ўсё ж выйшлі на мірную акцыю. Народную інаўгурацыю Святланы Ціханоўскай з бел-чырвона-белай сімволікай выйшлі падтрымаць каля двух дзясяткаў чалавек. Але не абышлося без затрыманняў.

Незадоўга да пачатку акцыі міліцыянты затрымалі мужа журналісткі Таццяны Смоткінай з Глыбокага – Арнольда, які выходзіў з касцёла. Пра гэта жонцы ён паспеў паведаміць праз тэлефон, а потым ёй патэлефанавалі з міліцыі і сказалі, што ён застанецца ў ІЧУ да суда:

– Затрымаў участковы, я не ведаю хто, бо іх шмат было. Я – начальнік ізалятара. Яны проста трапляюць да мяне, а я паведамляю.

– Пра суд вы не скажыце, калі і што?

– Я толькі ўтрымліваю. Да пабачэння.

Як паведаміла праваабаронца Ганна Мартыноўская, па сканчэнні акцыі затрымалі яшчэ Алесю Бука:

– Затрымалі яе са сцягам. Людзі стаялі на плошчы, а тады згрупавалася каля 20 чалавек і пайшлі ўздоўж возера. Я думаю, што людзей было крыху больш, але не ўсе пайшлі туды.

Паводле праваабаронцы, міліцыянты яшчэ пабеглі за мужчынам, які быў з бел-чырвона-белым сцягам, але ці ўдалося ім яго дагнаць і затрымаць, пакуль невядома. Як кажуць сведкі, за пратэстоўцамі ў Глыбокім міліцыянты «ганяліся» на чатырох машынах.

Паводле  Юлі Бука, маці Алесі Бука, міліцыянты дзяўчыну таксама пакінулі ў ІЧУ да суда, хутчэй за ўсё на трое сутак. На працягу гэтых дзён будзе вырашацца, калі прызначаць суд.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Ганны Мартыноўскай